Польскі суд пастанавіў выдаць Беларусі апазіцыянера-бізнесоўца
Вярхоўны суд Польшчы адхіліў касацыю амбудсмэна і пастанавіў выслаць у Беларусь Андрэя Ракевіча. На радзіме яго вінавацяць у стварэнні злачыннай групы, якая займалася продажам металалому, піша prawo.pl.
Ракевіч з 2008 года займаўся будаўнічым бізнесам у Беларусі. Калі ў сакавіку 2016 года ён з сям’ёй адпачываў у Чэхіі, то даведаўся, што на яго пачалі крымінальную справу. Тады ён перабраўся ў Польшчу і легалізаваўся. Паведамляецца, што падчас жыцця ў Беларусі ён многія гады фінансава падтрымліваў беларускую апазіцыю — на сумы ад 100 да 1000 даляраў. У Беларусі Ракевіча вінавацяць у стварэнні злачыннай групы з некалькіх фірмаў, якія куплялі і прадавалі металалом. Следства кажа пра махлярства, заніжэнне закупачных цэн, крадзеж шляхам злоўжывання ўладай і падробкі.
Вярхоўны суд Польшчы заявіў, быццам няма доказаў таго, што Ракевіч будзе пазбаўлены гарантыі справядлівага і незалежнага суда ў Беларусі. Таксама Вярхоўны суд не пабачыў палітычных матываў у справе. Суддзя падкрэсліў, што з 2014 года, як вынікае з матэрыялаў справы, Ракевіч фінансава апазіцыю не падтрымліваў.
Цяпер на экстрадыцыю могуць паўплываць толькі польскія ўлады — напрыклад, міністр юстыцыі альбо міністр замежных спраў.
Фота Shutterstock