Польскі ўрад рыхтуе змены ў закон аб карце паляка? (абноўлена)



Непрызнаваны беларускімі ўладамі Саюз палякаў падтрымлівае ўнясенне зменаў у закон “Аб карце паляка”. Кіроўная партыя “Закон і Справядлівасць” агучыла планаваныя змены, паводле якіх уладальнікі карты паляка будуць мець палёгкі ў атрыманні польскага грамадзянства.

Старшыня галоўнай рады Саюзу палякаў Анжаліка Борыс лічыць, што змены ў заканадаўстве павінны паспрыяць павелічэнню зацікаўленасці картай паляка жыхароў Беларусі польскага паходжання. Перашкодзіць гэтаму могуць толькі ўлады краіны:

– Трэба браць пад увагу той фактар, што консульствам фізічна бракуе людзей, якія б гэтым займаліся. Улады Беларусі супраць гэтага закону. Да гэтага часу беларускі бок не даваў згоды на дадатковы склад консульстваў, каб яны мелі магчымасць прыняць большую колькасць жадаючых.

Саюз палякаў на Беларусі прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы закона “Аб карце паляка”, які пачаў дзейнічаць у  2008 годзе. За сем гадоў Карту паляка атрымала больш за 150 тысяч чалавек з краін былога Савецкага Саюзу.

* * *

Грамадзяне Беларусі польскага паходжання – лідары па колькасці атрыманых картаў паляка. Пачынаючы з 2008-га года, прыналежнасць да польскага народа пацвердзіла больш за 65 тысяч чалавек. Не выключана, што бліжэйшым часам польскі ўрад унясе змены ў закон “Аб карце паляка”, згодна з якім асобы, якія валодаюць гэтым дакументам, пасля года пражывання ў Польшчы змогуць атрымаць грамадзянства краіны. Як зазначае дэпутат польскага парламента і старшыня камісіі па сувязях з палякамі за мяжой Міхал Дворчык, змены з’яўляюцца патрабаваннем часу і падкрэсліваюць сувязі Рэчы Паспалітай з палякамі ва ўсім свеце, у тым ў Беларусі:

– Палякі ў Беларусі разам з намі думаюць пра будучыню і пра тое, што мы можам даць адзін аднаму: што палякі ў Беларусі могуць зрабіць для Польшчы і чаго, у сваю чаргу, чакаюць ад нас. Справы палякаў у Беларусі вельмі важныя для польскага палітычнага класа. Польскі ўрад, польскі Парламент пра іх ніколі не забудзе.

За час дзеяння закона “Аб карце паляка” найбольшую колькасць дакументаў атрымалі жыхары Гарадзеншчыны. У выпадку зменаў у польскім заканадаўстве, кожны, хто валодае картай паляка і пераязджае на сталае месца жыхарства ў Польшчу, будзе мець магчымасць атрымліваць фінансавую падтрымку пры адаптацыі ў краіне, вучобе і аплаце камунальных плацяжоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота rus-obr.ru