Польскія дыпламаты наведалі могілкі жаўнераў на Глыбоччыне



Польская дэлегацыя на чале з намеснікам амбасадара Польшчы ў Беларусі Марцінам Вайцяхоўскім наведала Глыбоччыну. У яе ўвайшлі вайсковы аташэ амбасады палкоўнік Яраслаў Кемброўскі, падпалкоўнік пагранічнай варты Марэк Герасімюк, віцэ-консул Марыюш Падгурскі і памочнік аташэ Цэзарый Адамус. Яны наведалі могілкі ў Падсвіллі, Задарожжы і Слабодцы, дзе пахаваныя польскія жаўнеры, якія загінулі падчас савецка-польскай вайны.

У Падсвіллі ляжаць крыху больш за 60 польскіх жаўнераў, у Задарожжы – каля 120, а ў Слабодцы – больш за 20.

Як кажа намеснік амбасадара Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі, ён вельмі задаволены, што могілкі разам з імі наведваюць мясцовыя жыхары, прадстаўнікі ўлады, журналісты.

– Мы наведваем усе гэтыя могілкі па чарзе. Як раз мы знаходзімся ў Падсвіллі. Я вельмі рад, што мы тут прысутнічаем разам з прадстаўніком мясцовых улад, разам з прадстаўнікамі мясцовага грамадства, польскай дыяспары, прэсы, духавенства. Гэта вельмі важна, таму што гэта паказвае, што гісторыя, мінулае, памяць – усё гэта для многіх у сённяшняй Беларусі неабыякава.

Паводле намесніка амбасадара Польшчы ў Беларусі Марціна Вайцяхоўскага, такіх могілак у Беларусі больш за 40, яны ўсе наведаюць.

На наступным тыдні прадстаўнікі польскага пасольства ў Беларусі накіруюцца ў Шаркоўшчынскі раён, дзе таксама ёсць пахаванні польскіх жаўнераў, загінулых падчас савецка-польскай вайны.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя