Польскія школы ў Беларусі пераводзяць на расейскую мову
З наступнага навучальнага году ў польскіх школах Гародні і Ваўкавыску ўводзіцца расейскамоўнае навучанне. Пра гэта паведамляе польскае выданне Rzeczpospolita, адзначаючы, што ў школе № 36 у Гародні, дзе дзеці вучыліся па-польску, правялі бацькоўскія сходы, на якіх кіраўніцтва паведаміла, што з наступнага навучальнага году выкладанне на польскай мове будзе немагчымае. Кіраўніцтва школы спаслалася на абноўлены закон аб навучанні, паводле якога выкладаць могуць толькі на адной з дзяржаўных моваў: беларускай або расейскай. Цяпер дзеці змогуць вывучаць польскую мову і літаратуру толькі як асобны прадмет раз на тыдзень.
У Гародні ў школе навучаецца каля 620 вучняў, у Ваўкавыску — 250.
Фота: wikimapia.org