Польскія школы ў Гародні і Ваўкавыску змагаюцца за першыя класы
Дзве польскія школы працуюць у Беларусі, і абедзве – на Гарадзеншчыне. Ахвотных вучыцца ў іх – традыцыйна шмат, аднак трапіць у іх – часам праблематычна. Чаму так адбываецца?
Пра гэта ды іншае з размаўляем з госцей ранішняга эфіру нашага Радыё Рацыя, а гэта – старшыня Галоўнай Рады непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Арэхва.
РР: У Беларусі працуе дзве школы з польскай мовай навучання: у Гародні школа №36 і Ваўкавыску школа №8. Дзеля месца ў польскамоўнай школе бацькі зноў дзяжурылі па начах. Чаму так адбываецца?
— Гэтая праблема ў польскіх школах у Беларусі з’явілася ўжо тры гады таму, калі ўлады пачалі абмяжоўваць доступ да першых класаў у школах. Напрыклад, улады вырашылі, што ў Гародні колькасць першых класаў павінна быць абмежаваная да двух класаў. Першы раз такая сітуацыя здарылася ў 2015 годзе, і тады акурат бацькі былі вымушаныя стаяць у чэргах, рабіць спісы і гэтак далей. Цяпер сітуацыя выглядае так, што яшчэ ўвосень бацькі пачалі звяртацца да ўладаў у галіне адукацыі з просьбай арганізаваць большую колькасць першых класаў, паколькі толькі на падрыхтоўчыя заняткі ў польскай школе ў Гародні пажадала хадзіць 75 дзяцей.
РР: І гэта прыкладна вучняў на паўнавартасныя тры класы?
— Так, канешне. Як раней нам казалася пра тое, што маюць быць два класы з 24 вучняў, то 75 дзяцей – гэта нармальна тры класы.
РР: Вядома, што яшчэ фактычна да канца лета бацькі маюць магчымасць падаваць заявы на навучанне дзяцей у польскай школе. То бок, колькасць такіх дзетак можа павялічыцца…
— У гэтым годзе, пасля актыўных намаганняў бацькоў, якія кіравалі лісты і ў аддзел адукацыі Ленінскага раёна Гародні, і да абласных уладаў, і ў Міністэрства, у апошні момант перад пачаткам адкрыцця набору ў школы ўлады вырашылі, што ў польскай школе ў Гародні яны прымуць дакументы і заявы ад усіх бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці вучыліся ў гэтай школе ў першым класе. Ужо ў першы дзень 76 чалавек падалі такія дакументы. Пры гэтым набор у першыя класы працягнецца амаль да канца жніўня.
Польская школа ў Гародні
Анжаліка Арэхва кажа, што ў польскай школе ў Гародні пры гэтым ёсць усе ўмовы на адкрыццё большай колькасці класаў:
— Усё ёсць, усе ўмовы. Цяпер школа працуе ў адну змену, але, калі будзе патрэба, школа гатовая арганізаваць навучанне ў дзве змены. Праўда, дырэктарка школы запэўнівае, што першакласнікаў ёсць магчымасць навучаць у першую змену. Усе ўмовы для гэтага ёсць.
РР: Другая школа №8 месціцца ў Ваўквыску. Там сітуацыя больш напружаная, і магчыма, што не ўсе першакласнікі змогуць трапіць у гэтую школу?
— На жаль, так. У Ваўкавыску прынялі дакументы толькі ў 18 асобаў, і было сказана, што менавіта столькі дзяцей прымуць у першы клас. Яшчэ сем асобаў пакінулі заявы, але без дакументаў. Праўда, практыка польскай школы ў Гародні з папярэдніх гадоў паказвае, што, калі дакументы адразу не прынялі, то гэтыя дзеці не будуць прынятыя ў школу. Можа толькі, калі нехта адмовіцца з тых 18-ці.
РР: Якія афіцыйныя прычыны гэтага?
— Прычынай улады называюць тое, што няма магчымасці арганізаваць навучанне для двух класаў. Сітуацыя выглядае так, што на сёння ў Ваўкавыску няма ўмоў для арганізацыі большага па колькасці вучняў класа, на 25-30 чалавек. Але ёсць умовы для таго, каб арганізаваць працу двух меншых па колькасці класаў, аднак улады не хочуць на гэта пагаджацца.
Польская школа ў Ваўкавыску
Саюз палякаў не збіраецца складаць рук, падчас пасяджэння Галоўнай Рады арганізацыі будзе вырашацца, што рабіць далей. “Бо пытанне навучання на польскай мове – вельмі важнае для Саюзу палякаў у Беларусі”, — дадае наша суразмоўца.
Школы з польскай мовай навучання ў Гародні і Ваўкавыску існуюць больш за 20 гадоў.
Цалкам гутарка – у далучаным гукавым файле:
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: s13.ru, wikimapia.org, svaboda.org