Польскія ўльтраправыя СМІ атакуюць беларускую журналістку



Беларускае гістарычнае таварыства выступіла ў абарону журналісткі Беларускага Радыё Рацыя.

45376486878

Рэпартаж нашай рэдакцыйнай калегі Валі Лаеўскай “Я іх бачу”, прысвечаны пацыфікацыі беларускіх вёсак аддзелам польскага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса Бурага ў 1946 годзе намінавалі на ўзнагароду польскага Інстытута нацыянальнай памяці. Гэта выклікала абурэнне ўльтраправых польскіх СМІ, дзе з’явіліся матэрыялы, накіраваныя супраць аўтаркі рэпартажу.

«Гэтыя публікацыі – спроба закрыць рот усім, каму дарагая гістарычная праўда. Дакументаванне злачынстваў — гэта права і абавязак кожнага гісторыка і журналіста» так у сваім адкрытым лісце напісаў Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства прафесар гісторыі Беластоцкага ўніверсітэта Алег Латышонак.

Мы звязаліся з аўтарам першапачатковага артыкула, польскім журналістам, Робэртам Віт-Вырасткевічам:

— Я лічу, што спадарыня Валянціна Лаеўская, як аўтар, які шмат гадоў займаецца тэмай выклятых жаўнераў, увогуле не павінна брацца Інстытутам Нацыянальнай памяці ў катэгорыю намінацыяў. Наадварот, Інстытут павінен заклеймаваць яе. Не за рэпартаж, пра які ідзе гаворка, а за сукупнасць працы. Намінацыя Інстытута нацыянальнай памяці — гэта ганаровая адзнака для аўтара і заўсёды ўспрымаецца, як пэўнае ўганараванне асобы за сукупнасць ейнай працы. А спадарыня Лаеўская, асабліва ў часопісе «Przegląd Prawosławny», называла выклятых жаўнераў, як Бурага, яе «улюбёнага» героя, так і жаўнераў Лупашкі рабаўнікамі, бандытамі, забойцамі, не даючы ў сваіх рэпартажах выказванняў іншага боку. Інстытут павінен прыняць гэта пад увагу і ніколі не прымаць спадарыню Лаеўскую, нават як магчымага намінанта ў такім ганаровым конкурсе.

РР: Але намінуецца рэпартаж, а не спадарыня Валянціна Лаеўская. Рэпартаж, які гучаў у эфіры нашага Радыё. На нашым сайце ёсць пераклад на польскую мову, выказванняў жыхароў вёскі Заляшаны, з якіх пераважна і складаецца рэпартаж. Там таксама ёсць “голас” Беластоцкага аддзела Інстытута нацыянальнай памяці.

Так, але што тычыцца пацыфікацыі вёскі Заляшаны, калі нехта цікавіўся гэтай тэмай, дык можа знайсці выказванні палякаў з тых мясцовасцяў, якія кажуць, што пацыфікацыя аддзелам Бурага, была актам, яд якога пацярпелі шмат пабочных асобаў. Ёсць гісторыкі, якія аналітычна апісваюць тыя трагічныя падзеі, схіляючыся над такімі дэталямі, як тое, што па загадзе Бурага ўся вёска спярша пакінула вёску.

РР: Уся вёска апынулася ў адным будынку, які меў быць спалены. Ёсць рашэнне Інстытута нацыянальнай памяці пра спыненне гэтай справы, і там ясна напісана, што сталася.

Паводле мяне, Інстытут нацыянальнай памяці — гэта арганізацыя, якая апошнім часам запрасіла на канферэнцыю спадара Томаша Гроса, падчас якой былі абвешчаныя планы ўзяць удзел у розных мерапрыемствах у той час, калі Валынская разня да сёння не называецца генацыдам, а пацыфікацыя вёскі Заляшаны, ў дакуменце ІНП, фігуруе менавіта са словам генацыд. З гэтым я абсалютна нязгодны. Беластоцкі аддзел ІНП не раз кампрамітаваў сябе. Такое маё меркаванне. Я хачу толькі дадаць, што тое, пра што ў сваім рэпартажы кажа спадарыня Валянціна Лаеўская і голас, якія яна дае людзям, сведкам гісторыі, для мяне вельмі важна. У сваім артыкуле я падкрэсліў, што справа не ў тым, што пацыфікацыі не было: што не было крыўды і не загінулі нявінныя асобы. Вы кажаце, што гэта намінацыя канкрэтнага рэпартажу, добрага рэпартажу, і не трэба казаць пра тое, што пісала Лаеўская да гэтага і пасля гэтага. А я лічу, што трэба казаць. Калі вы пачытаеце кнігі Гітлера, дык у іх таксама можна знайсці шмат прыгожых словаў, але нельга даваць ім узнагароды толькі за гэтыя словы, не беручы пад увагу ўсёй сукупнасці творчасці. Я выдатна памятаю, што напісала Лаеўская ў часопісе «Przegląd Prawosławny», дзе называла жаўнераў Бурага і Лупашкі — бандытамі і гвалтаўнікамі, не напісаўшы пра іх аніводнага добрага слова, і пакідаючы маладому чытачу толькі адзін вобраз гэтых асобаў, вобраз забойцаў, гвалтаўнікоў і людзей, якім не было больш чаго рабіць, і якія не ўмелі больш нічога рабіць апроч рабавання палякаў. У гэтым выпадку я хацеў бы, каб спадарыня Валянціна хоць раз дала голас сотням сведак гісторыі з тых мясцовасцяў, палякам, якія вельмі часта лічылі беларусаў калабарантамі НКВД, што і Інстытут Нацыянальнай памяці вельмі часта пацвярджае.

 Паводле старшыні Беларускага гістарычнага таварыства Алега Латышонка ў выказваннях Віт-Вырасткевіча няма нічога новага:

Алег Латышонак: Нічога новага, бо мы безупынна чуем, што ўсе тыя расказы нашых мужыкоў «вырваныя з кантэксту», і што, паколькі гэтыя адважныя жаўнеры змагаліся за свабодную Польшчу, дык тыя мужыкі, нават калі і не прыслугоўвалі НКВД, проста выпадкова трапілі пад руку. Фактычна іх не хацелі забіць. Нават у выказванні Вырасткевіча мы чуем, што гэта ахвяры «пры нагодзе», і гэта — не наўмысна. У нас ёсць столькі выказванняў людзей, якія сведчаць, што гэта было зроблена наўмысна, што мы проста не можам адступіць ад сваёй версіі, выйсці насустрач і дамаўляцца. Я не лічу, што Валянціна Лаеўская мела абавязак запісваць усе баявыя дзеянні антыкамуністычнага падполля, іхныя вялікія пачынанні і бітвы. Яна займаецца тым, чым займаецца: запісвае аповеды беларускіх сялян, якія сталі іх ахвярамі. Я не памятаю, каб нехта папікнуў яе, што хтосьці з тых людзей сказаў няпраўду. Яны гавораць пра сваё гора, і гэта іхняя праўда і праўда Валянціны Лаеўскай. Уся гэтая дыскусія, на мой погляд, беспрадметная.

РР: Ці вы згодны з тым, што на конкурс Інстытута нацыянальнай памяці маюць намінавацца матэрыялы, тэле- або радыё рэпартажы, з выкарыстаннем гістарычнай палітыкі?

Алег Латышонак: Я, па-праўдзе, нават дзівіўся, што гэты рэпартаж так высока зайшоў. Тут мой прадмоўца надта дакараў Інстытут у недахопе патрыятызму, а мне такое ніколі б нават у галаву не прыйшло. Трэба адзначыць, што гэта вельмі добра сведчыць пра Інстытут: што ён так высока ацаніў такі матэрыял. Я лічу, што калі нацыянальная памяць, дык пра ўсё, а не толькі пра тую версію, якую хочуць некаторыя: каб было так, як ім здаецца. Бо ім толькі здаецца, так не было.

РР: Ці ёсць сэнс і ў якой плоскасці змагацца за гісторыю?

Алег Латышонак: Трэба змагацца, бо мы не можам, нашы сілы замалыя. Мы, Беларускае гістарычнае таварыства, беларусы Беласточчыны, маем дачыненне з мноствам публікацыямі. Я розныя з іх чытаў і раней і думаў: «Ну на такое ўжо трэба адрэагаваць». Але няма сілаў сядзець і безупынна пісаць абвяржэнні і тлумачэнні людзям, якіх гэта не цікавіць, бо яны сваю праўду ўжо маюць і іншай ведаць не хочуць. З гэтым рэпартажам і ягонай намінацыяй справа асаблівая, бо гэта напад, перш за ўсё, не на гістарычную праўду, а на чалавека і ягонае права шукаць гэтую праўду. Тут ужо і я, і сябры Таварыства, палічылі, што нельга дараваць такое, што мы павінны неяк адрэагаваць.

РР: Гэтая справа ўзнікла за некалькі месяцаў да таго часу, калі будзе адзначацца 70-годдзе тых падзеяў. Як думаеце, будзе горача ў СМІ з гэтай нагоды? Будзе горача на Беласточчыне?

Алег Латышонак: Пабачым. Хацелася б, каб было як мага спакайней, каб усё прайшло годна і проста аддалі пашану тым бязвінным людзям, якіх забілі, але на гэта можна толькі спадзявацца.

РР: У сваім звароце вы заклікаеце сайты і СМІ, якія перадрукавалі артыкул, надрукаваць распісаны змест гэтага рэпартажу. Як вы думаеце, хто-небудзь апублікуе?

Алег Латышонак: Вельмі хацелася б скрыпт. Я не магу загадзя сказаць, што вынік будзе марны, але сапраўды хацелася б, каб людзі маглі самі прачытаць і ацаніць: пра што там ідзе гаворка. Там ёсць і палякі, якія выпускаюць жывымі тых людзей з Заляшанаў: не кожны там такі страшны. Хоць сама праўда агулам для палякаў не прыемная, я заўсёды лічыў, што праўду лепш ведаць: і пра палякаў і пра беларусаў.

РР: Прэсавы сакратар цэнтральнага аддзялення Інстытута нацыянальнай памяці ў Варшаве Агнешка Сапіньска-Ярэмчак устрымалася ад каментароў наконт сітуацыі

— Мы не каментуем конкурс. Справа яшчэ ня скончана: рэпартаж намінаваны, але не ўзнагароджаны. Журы палічыла, што яго трэба ўзяць у конкурс. І гэта ўсё, што я магу сказаць.

Інстытут Нацыянальнай памяці паабяцаў пракаментаваць сітуацыю пасля абвяшчэння вынікаў конкурсу. Конкурсныя працы ацэньвае 5-асабовае журы, ў склад якога ўвайшлі вядомая радыё журналістка і дзяячка «Салідарнасці» Яніна Янкоўска, журналіст Аркадыюш Галэмбеўскі, гісторыкі Анджэй Завістоўскі, Дар’юш Іванэчка ды Павэл Скубіш. Вынікі конкурсу «Гістарычны рэпартаж года» будуць абвешчаныя 26 лістапада на адмысловай урачыстасці ў Беластоку.

list_bgkt

[youtube id=”mSuNfLqz3Ik”]

Беларускае Радыё Рацыя

Відэа: Павел Грэсь