Помнік Касцюшку не адкрыюць да пагаднення па шыльдзе?
У справе помніка ў Залатурне ёсць ужо рэакцыя, размешчаная на старонцы польскага дыпламатычнага ведамства, у якой між іншым гаворыцца: „Польшча прызнае, што Тадэвуш Касцюшка з’яўляецца героем і Польшчы, і Літвы, і Беларусі, а таксама Злучаных Штатаў, універсальным героем усяго Чалавецтва, а не выключна «сынам Беларусі ці польскім генералам».
Заяву польскага дыпламатычнага ведамства каментуе ініцыятар помніка Тадэвушу Касцюшку ў Швейцарыі – Аляксандр Сапега:
– Рэакцыя польскага МЗС была прадказальная. Ніхто не чакаў, што яны прызнаюць свае памылкі. Гэты адказ – альбо хлусня, альбо проста польскі МЗС не цалкам валодае інфармацыяй, тымі падзеямі, якія адбываліся цягам усяго года.
РР: Кажуць, што гэта Вы сарвалі перамовы.
Аляксандр Сапега: Па-першае, у мяне ёсць цалкам усе пацверджанні праз карэспандэнцыю, якую я вёў з польскім амбасадарам у Берне цягам усяго году, таксама з фундацыяй Касцюшкі ў Залатурне, з мэрам горада Залатурн, а таксама з фундацыямі Касцюшкі ў Польшчы. Цягам цэлага года я прапаную – давайце будзем рабіць разам, распрацоўваць разам праграму святкаванняў, рабіць гэта ўсё 15 кастрычніка. І наша першапачатковая прапанова была, каб шыльда была на чатырох мовах: нямецкай, беларускай, польскай і ангельскай. І гэтыя прапановы прагучалі ўпершыню з нашага боку 29 лістапада 2016 года.
І ніякага адказу з польскай амбасады мы не атрымалі.
На першы кантакт амбасада выйшла 26 ліпеня. Я дасылаў запыт некалькі разоў па электроннай пошце на адрас польскай амбасады ў Швейцарыі ў лістападзе, а адказ прыйшоў у ліпені (!) з прапановай сустрэцца, яны гатовыя дамаўляцца. А сама сустрэча з амбасадарам адбылася 14 верасня – за месяц да адкрыцця помніка. Калі ўжо ўсё было гатова і тэм для абмеркавання ўжо не было, акрамя таго, каб яны ўзялі на сябе перавоз помніка з Украіны ў Швейцарыю. На што яны адказалі, што не змогуць нам дапамагчы. І мы мусім самі вырашаць гэтае пытанне.
У іх была прапанова аддаць палову грошай за гэты помнік. Але пры ультыматуме – іх павінна задавальняць шыльда.
А на шыльдзе мусіла быць напісана па-польску: “Тадэвуш Касцюшка”. Дата нараджэння і смерці. І ўсё. Гэта быў прамы ультыматум. Бо калі мы на гэта не пагодзімся, яны не будуць з намі працаваць. І гэта за месяц да адкрыцця помніка!
Таму, калі МЗС Польшчы кажа, што яны з самага пачатку гэтага праекту выступалі за сумесную працу і за сумеснае адкрыццё помніка, то гэта прамая хлусня.
РР: Як выглядае сітуацыя зараз? Ці звяртаўся да Вас хтосьці з амбасады?
Аляксандр Сапега: Не. Трэба адзначыць, што зараз польская амбасада ў Швейцарыі на сваёй старонцы ў Твітэры павесіла мой ліст – зварот да польскага амбасадара, дзе мы вырашылі, што наша дыяспара будзе галоўным арганізатарам на гэтым мерапрыемстве. І нашыя папярэднія дамоўленасці аб фінансаванні скасаваліся. Гэта было 23 верасня. З таго часу мы не атрымалі ніводнага сігнала ад польскай амбасады.
РР: Ці звярталіся да Вас прадстаўнікі беларускага боку?
Аляксандр Сапега: Беларускі амбасадар у Берне якраз суправаджаў нас у гэтым праекце з смага пачатку. І ён ведае гэтую сітуацыю ад “А” да “Я”. І ведае ўсю нашую перапіску.
Трэба адзначыць, што быў прамы ўльтыматум мэру горада ад польскай амбасады, што калі ён не пагодзіцца з польскай шыльдай, то ёсць вялікая рызыка таго, што афіцыйныя прадстаўнікі польскай улады з Варшавы, а таксама гарадской улады з Кракава ў якасці байкоту проста не паедуць на польска-швейцарскія мерапрыемствы, якія адбудуцца ў Залатурне 15 кастрычніка.
Зразумела, што мы хацелі ўсё гэта зрабіць па-ціхаму і не агучваць канфлікт у грамадстве. Але зараз сітуацыя дайшла да таго, што палякі змянілі нашую шыльду. Нас пра гэта не папярэдзілі. Тады мы вырашылі агучыць гэты канфлікт.
Мая вялікая мэта – каб стаяў помнік Тадэвушу Касцюшку, бо гэта вялікае свята – 200 год з дня смерці. Наша дыяспара намагалася зрабіць гэта разам з палякамі яшчэ год таму і не знайшла падтрымкі. А зараз гэта падаецца польскім МЗС, што мы ў гэтым вінаваты, а яны хацелі з намі супрацоўнічаць. А гэта – хлусня!
Аляксандр Сапега не выключае і такой магчымасці, што адмовіцца ад аткрыцця помніка Касцюшку ў вызначаны дзень пакуль не будзе дасягнута пагадненне ў справе шыльды на беларускай мове, дзе будзе пазначана, што Тадэвуш Касцюшка – сын Беларускай зямлі.
Гутарыла Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя