Позва ў суд за экалагічны пікет



Вітольду Ашурку – грамадскаму актывісту з Бярозаўкі – прыйшла позва ў суд за пікет, які ён зладзіў у сувязі з пагаршэннем стану экалогіі ў горадзе. Пікет у цэнтры Бярозаўкі цягнуўся паўтары гадзіны.

шклавата

Актывіст выйшаў з плакатам “Шклавата – смерць Бярозаўкі”, каб нагадаць гарадскім уладам і кіраўніцтву шклозавода “Нёман” пра праблему забруджвання паветра шкоднымі выкідамі вытворчасці шклаваты, цэх па вытворчасці якой арганізавалі ў цэнтры горада. Паводле Вітольда Ашурка, позва ў суд для яго чаканая, бо на парушэнне парадку ён пайшоў свядома, каб чарговы раз прыцягнуць увагу да існуючай праблемы.

– Пікет быў скіраваны на тое, каб прыцягнуць больш увагі да той катастрафічнай экалагічнай сітуацыі, якая сёння склалася ў нашым горадзе. Я свядома пайшоў на дробныя парушэнні закона, каб увага была як мага большая. Цяпер мяне выклікалі ў суд. Гэта добра. У судзе я буду адказваць за несанкцыянаваны мітынг, а таксама патлумачу свой пункт гледжання на экалагічную катастрофу ў Бярозаўцы.

Вытворчасць шклаваты “Нёман” была пачатая ў Бярозаўцы год таму. З таго часу горад напаўняе спецыфічны пах хімічных выкідаў выторчасці, у якой выкарыстоўваюцца такія небяспечныя для чалавечага арганізма кампаненты, як смолы, фенолы і фармальдэгіды.

DSCF5396 13048244_227262617649513_7661263340582183177_o

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Бярозаўка

Фота аўтара