Позвы ў суд за віншаванне з Днём Волі



Грамадскія актывісты з Баранавічаў Уладзімір Гундар і Юрый Казакевіч атрымалі позвы з Баранавіцкага суда. У позвах паведамляецца, што выклікаюцца актывісты ў суд 5 траўня а 12 гадзіне ў якасці асобаў, у адносінах да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс.

Судзіць іх будуць за віншаванне грамадзян на гарадской плошчы з Днём Волі і 98-мі ўгодкамі Беларускай Народнай Рэспублікі, кажа Уладзімір Гундар:

— Як міліцыянт сказаў: «Парушэння грамадскага парадку не было, але парушэнне закону — было». Людзі ставіліся вельмі прыхільна, з задавальненем бралі кветкі, і нават міліцыянт, які быў у цывільным. Мы яго потым пазналі, бо ён сядзеў у кабінеце, калі я прыйшоў.  Дык і ён узяў з задавальненнем гваздзіку і нічога дрэннага нам не гаварыў.

Уладзімір Гундар упэўнены, што іх пакараюць, і што рашэнне ўжо гатовае. Як гэта было ў судзе над актывістам Грыкам. Суд якога доўжыўся 6 хвілін. Розніца будзе толькі ў памеры штрафу. Паводле Гундара, цяпер у нас не суды, а канторы па папаўненні грошай у бюджэт.

Pozva u sud za 25 sakavika

Беларускае Радыё Рацыя