Пра дзікія законы
У Расеі знайшлі ўнутраных ворагаў. Знешнія даўно маюцца, цяпер з’явіліся і ўнутраныя. Апазіцыянерамі там нікога не напалохаеш, таму вырашылі, відаць, узяць іншую катэгорыю.
Вярхоўны суд РФ прызнаў рух ЛГБТ экстрэмісцкай арганізацыяй і забараніў іх дзейнасць на тэрыторыі Расеі. Як той казаў, на зло бабулі адмарожу вушы. Маўляў, гэта ў Еўропах розныя гей-парады, сцяг-вясёлка і квір-людзі. А ў Расеі такога не можа быць. Таму міжнародны грамадскі рух ЛГБТ і прызналі экстрэмісцкім.
Праблема, праўда, у тым, што такога руху не існуе. Для Вярхоўнага суда РФ – гэта не важна. Яны прызнаюць экстрэмістамі любога, на каго ім пакажуць тамтэйшыя ўлады. Перафразуючы вядомы выраз: “Быў бы грамадскі рух, а артыкул знойдзецца”. Толькі ў дадзеным выпадку артыкул ёсць, а руху няма. Няма ў Расеі падобнай зарэгістраванай структуры, няма рашэння аб ейным стварэнні. Ёсць самыя розныя ЛГБТ-арганізацыі, ініцыятывы, незарэгістраваныя аб’яднанні ці публічныя актывісты. Але даказаць у расейскім судзе, што пэўная арганізацыя з’яўляецца структурным аддзяленнем няіснага міжнароднага руху ЛГБТ, не складзе працы. Гэта ж самы справядлівы суд у свеце. Затое ў Расеі цяпер ёсць унутраны вораг, якога можна абвінаваціць ва ўсіх праблемах разам узятых.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя