Пра экстрэмісцкую Беларусь



Вось не пашанцавала ўладам Беларусі з уласным народам. Вакол – адныя экстрэмісты. Толькі зменшыш увагу – а яны ўжо паўтор 2020-га года рыхтуюць, усё мараць рэжым змяніць.

А чым ім кепска ў цяперашняй Беларусі, дзе ні свабоды слова, ні іншых правоў чалавека. А толькі ГУБАЗІК, які ледзь не штодня кагосьці затрымлівае за падпіскі і лайкі. Але падпіскі ж на ўсё тыя ж экстрэмісцкія каналы і СМІ. Не, каб слухалі хамскага Азаронка, дык ім незалежную інфармацыю падавай. Карацей, пракурор Беларусі Андрэй Швед агучыў, колькі ягонае ведамства налічыла экстрэмісцкіх злачынстваў з 2020 года. Больш за 16 тысяч злачынстваў экстрэмісцкага характару. А ўлічваючы, хто цяпер для ўладаў Беларусі экстрэміст, то няцяжка здагадацца, што гэта былі за злачынствы. Ну, затое можна парадавацца, колькі ў Беларусі годных ініцыятыў, што іх да экстрэмісцкіх адносяць.

А яшчэ Швед распавёў страшэнную інфармацыю: калектыўны Захад працягвае спробы дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі. Ага, калектыўнаму Захаду больш жа няма чаго рабіць, яны толькі спяць і бачаць, як бы яшчэ дэстабілізаваць абстаноўку ў Сінявокай. Проста хлебам не кармі. Праўда, хто насамрэч дэстабілізаваў і дэстабілізуе абстаноўку, Швед прамаўчаў. Лепей бы заняліся б працай, а не шукалі ведзьмакоў там, дзе іх няма.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя