Пра фэйкі, троляў і прапаганду
Пра фэйкі, троляў і прапаганду размаўлялі ў Глыбокім на журналісцкім трэнінгу з Паўлюком Быкоўскім. Гэтая тэма зацікавіла не толькі глыбоцкіх журналістаў, але і грамадскіх актывістаў з Полацка ды Браслава.
Таксама на сустрэчы ішла размова пра сацыяльныя сеткі і прасоўванне ў іх сваіх матэрыялаў. Паводле прысутных, сустрэча была даволі прадуктыўнай і карыснай, бо некаторыя з іх зведалі на сабе фэйкі і тролінг.
Стукаў Віктар, актывіст Незалежнага прафсаюза:
– У адносінах да нас былі створаны фэйкавыя старонкі ў сацсетках. І фэйкавы электронны адрас, з якога распаўсюджвалася інфармацыя абражальнага характару. Таму нам цікавы досьвед і рэкамендацыі, якія можна прымяніць у нашых умовах. Мы тут даведаліся, што можна зрабіць надалей, каб супрацьстаяць распаўсюду фэйкавай інфармацыі і абражальнай, тым больш.
Таксама ўдзельнікі пачулі пра важнасць праверкі любой інфармацыі, нават з добра вядомых крыніц.
Галяш Сялява, адміністратар сайта braslav.by. :
– Мне вельмі спадабалася, як Паўлюк Быкоўскі распавядаў. Адразу бачна, што гэта прафесіянал сваёй справы. І ўвогуле выснова такая, што трэба ставіцца крытычна да абсалютна любой інфармацыі, нават да той, якая можа падавацца табе блізкай, бо ты ведаеш крыніцу добра, здаецца.
Арганізавала сустрэчу з медыяэкспертам Паўлюком Быкоўскім грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Наступная сустрэча з экспертам адбудзецца 23 студзеня ў Полацку ў межах праекта “Жывая Мова”, дзе будуць закранутыя вышэйзгаданыя ды іншыя аспекты працы ў сеціве.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара