Пра каталіцтва – на гарадзенскай «Мове нанова»
Упершыню ў гісторыі гарадзенскіх курсаў “Мова нанова” выступоўцам быў каталіцкі святар. Ксёндз Антоні Грэмза, душпастыр моладзі Гарадзенскай дыяцэзіі, распавёў навучэнцам курсаў пра гісторыю касцёла на беларускіх землях і пра паходжанне назваў «касцёл» і «ксёндз».
– Адкуль бярэцца назва «касцёл»? Магчыма, вы будзеце трошкі здзіўленыя, але паходжанне чэшскае. Чэшскія місіянеры прыбылі ў Польшчу, пазней трапілі ў Беларусь, тады яшчэ Вялікае княства Літоўскае. І назву «касцёл» яны ўзялі, што азначае замак, абарончая пабудова феадальнай эпохі, калі касцёл быў недасягальным і абарончым будынкам.
Святар таксама распавёў пра гісторыю каталіцкіх ордэнаў на Гарадзеншчыне і пра іх дзейнасць. Прысутных таксама цікавіў лёс гарадзенскага лямуся – помніка архітэктуры, які знаходзіцца на тэрыторыі комплекса пабрыгіцкага кляштара, дзе служыць Антоні Грэмза. Напрыканцы сустрэчы святар запрасіў гарадзенцаў наведаць музей, які знаходзіцца ў сутарэннях кляштара.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня