Пра лацінку, якую баяцца ўлады



Беларуская дзяржава вызначыла яшчэ адну небяспечную рэч. Увогуле ўлады Беларусі цяпер шмат чаго бачаць небяспечнага для сябе. Уключна з самімі беларусамі. Аднак цяпер яны ўбачылі небяспеку ў лацінцы. То бок у тым правапісе, калі лацінскімі літарамі пішуцца беларускія словы. Спадзяюся, ім ніхто не распавядзе, што ёсць яшчэ кітабы – напісанне беларускіх слоў арабскім пісьмом. А тое яшчэ і кітабы палічаць небяспечнымі.

У СМІ з’явілася дакладная запіска кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сергеенкі. У дакуменце пазначана, што „лацінка выкарыстоўвалася ў мэтах паланізацыі беларусаў”. З такім поспехам вывучэнне ангельскай мовы ў школах хутка таксама абвесцяць небяспечным, бо гэта папулярызуе ЗША і Еўропу. Аднак лацінка не проста пазначаны як правапіс, які паланізуе беларусаў. У дакладной запісцы кіраўніка Адміністрацыі пазначана, што “з улікам неабходнасці ўмацавання гісторыка-культурнай агульнасці беларускага народу, недапушчэння прасоўвання чужых традыцый і каштоўнасцяў, прынята рашэнне рэкамендаваць мясцовым органам улады выключыць практыку выкарыстання лацінкі ў назвах тапаграфічных аб’ектаў”.

А замест лацінкі рэкамендавана карыстацца дзяржаўнымі мовамі. На практыцы гэта азначае, што будуць карыстацца расейскай мовай. І расейская мова ўладамі як чужая традыцыя і каштоўнасць не разглядаецца. А беларуская лацінка, якой у Беларусі карысталіся задоўга да нараджэння так званага кіраўніка Адміністрацыі, наадварот называецца чужой. Можа, яшчэ і назву Беларусь забароняць для ўмацавання гісторыка-культурнай агульнасці.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя