Пра Льва Сапегу, канал Агінскага і сінагогу ў Слоніме
На традыцыйнай пераднавагодняй прэсканферэнцыі для мясцовых СМІ старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі сказаў, што ў 2018 годзе пытанне наконт помніка слонімскаму старосце, гетману Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу ў Слоніме будзе вырашана станоўча. І помнік у наступным годзе ў Слоніме будзе пастаўлены.
Старшыня Слонімскага райвыканкама адзначыў, што цяпер вырашаецца пытанне і наконт аднаўлення слонімскай сінагогі – самага старога помніка Слоніма, які быў пабудаваны ў 1642 годзе. Па словах Алега Таргонскага, цяпер вядуцца перамовы з яўрэямі Ізраіля і Англіі. Калі ўсё будзе добра, то пачнуцца рэстаўрацыйныя работы. А ў будучым у слонімскай сінагозе запланавана адкрыць музей яўрэйскай культуры.
Алег Таргонскі адзначыў і тое, што сёлета пачалося ўпарадкаванне Малога канала Агінскага ў Слоніме. У наступным годзе на гэта будзе выдаткавана 60 тысяч беларускіх рублёў з мясцовага бюджэту.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім