Пра паляўнічае войска
Ігар Шуневіч, той самы, які калісьці быў міністрам унутраных спраў і заклікаў дазволіць паляванне на мядзведзяў, заявіў, што паляўнічыя пойдуць у народнае апалчэнне і будуць абараняць дзяржаву.
Прычым са сваёй зброяй. Правільна, навошта дзяржаўныя сродкі на зброю выдаткоўваць, калі ёсць паляўнічая стрэльба. Чым будуць займацца рыбаловы, кіраўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў пакуль не прыдумаў. А ў рыбаловаў ёсць вуда, між іншым. Таксама, якая ні ёсць, а зброя. Ну, а што: рыбалоўным кручком можна цэлы палец параніць.
Ад каго будзе бараніць народнае апалчэнне, куды ўвойдуць паляўнічыя, Ігар Шуневіч не ўдакладніў. Галоўнае, як падкрэсліў кіраўнік Беларускага таварыства паляўнічых, “паляўнічы – гэта чалавек, які не баіцца крыві”. Чаго спыняцца на дасягнутым. Можна яшчэ дадаць у народнае апалчэнне абвальшчыкаў ды мяснікоў. Яны таксама крыві не баяцца і яшчэ нажом умеюць карыстацца. Ігар Шуневіч распавёў дзяржаўным журналістам, што беларускія паляўнічыя будуць абараняць краіну, выкарыстоўваючы для гэтага свае навыкі, экіпіроўку і зброю. Засталося знайсці ворага – і накіраваць беларускіх паляўнічых з манкамі, якія імітуюць голас птушак і жывёл, на танкі. Затое Ігар Шуневіч можа спаць спакойна: паляўнічае войска заўжды на абароне дзяржавы.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя