Пра Паўночную Карэю, Беларусь і парадзіху



Беларусь сямімільнымі крокамі ідзе да паўночнакарэйскай дыктатуры. У гэтай азіяцкай краіне, калі чалавеку папраўляюць здароўе, то ён дзякуе не лекарам, а камусьці з сямейства Кімаў.

Я аднойчы дакументальны фільм глядзела пра жыхароў Паўночнай Карэі. Ім заходнія лекары зрабілі аперацыю на вочы, тыя сталі бачыць. І пасля гэтага яны падыходзілі, укленчвалі і цалавалі партрэт кіраўніка КНДР. Падавалася, што можа быць агульнага паміж Беларусяй і Паўночнай Карэяй? Беларусь жа цэнтр Еўропы, як любяць паўтараць улады. Толькі вось некаторыя прадстаўнікі Беларусі ментальна знаходзяцца зусім не ў Еўропе.

У Менску парадзіха падчас родаў папрасіла ўключыць трансляцыю навагодняга выступу саміведаецекаго. Вы толькі падумайце: не Баха, Моцарта ці Бетховена. Ды ладна з класікай. Нават не нейкую ванітную расейскую папсу. А менавіта выступ саміведаецекаго. Як пажартавалі інтэрнэт-карыстальнікі, затое парадзіха магла саміведаецекаго падчас выступу беспакарана абзываць, бо ўсё роўна ўсё спісалі на схопкі. А ўвогуле, як гэта яна яшчэ партрэт саміведаецекаго не папрасіла паставіць побач падчас родаў, каб не толькі чуць, але і бачыць свайго куміра.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя