Пра праблему блакавання сайта “Беларускі партызан” даведаліся ў Жэневе



Індывідуальную скаргу гомельца Уладзіміра Няпомняшчых зарэгістравалі ў Камітэце ААН па правах чалавека. Заяўнік спрабаваў атрымаць дазвол на правядзенне акцыі ў падтрымку “Беларускага партызана” ў Гомелі, але гарадскія ўлады масавае мерапрыемства не дазволілі.

Фота svaboda.org

Тады Уладзімір Няпомняшчых вырашыў вывесці гэтую справу на міжнародны ўзровень.

– Прыйшоў адказ з Жэневы з Камітэта па правах чалавека. Я лічу, што абавязкова трэба паказваць усёй  сусветнай супольнасці, што ў нас у Беларусі адбываецца бязладдзе. Каб увесь свет пра гэта ведаў і рэагаваў.

Праваабаронца Леанід Судаленка кансультаваў Уладзіміра Няпомняшчых на ўсіх этапах змагання за права на доступ да інфармацыйнага сайта “Беларускі партызан”.

– Уладзімір Няпомняшчых у Гомелі хацеў пратэставаць супраць блакіроўкі сайта “Беларускі партызан”, але гарвыканкам, як заўсёды, адмовіў яму. Прайшоўшы ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, мы з Уладзімірам звярнуліся ў Камітэт ААН, і вось нам паведамляюць, што яшчэ 18 снежня мінулага года Камітэт прыняў да разгляду яго скаргу і накіраваў у Раду Беларусі для каментара.

Сайт “Беларускі партызан” быў заблакаваны ў канцы 2017 года па рашэнні Міністэрства інфармацыі. Праз некалькі дзён дзейнасць рэсурса аднавілася ў іншай даменнай зоне.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель