Пра што піша сусветная прэса ў рубрыцы „каронавірус”
У Латвіі за дзень толькі адзін выпадак каронавірусу. Новая Зеландыя абвясціла пра перамогу над хваробай, але бізнэс будзе аднаўляцца яшчэ доўга. Пра што зараз піша сусветная прэса ў рубрыцы „каронавірус”, даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.
У мінулы дзень 1730 чалавек падазраваліся ў захворванні на Covid-19, але інфекцыя была пацверджана толькі ў аднаго чалавека, паведаміў Цэнтр прафілактыкі і кантролю захворванняў (SPCC) Латвіі. Усяго ў краіне было праведзена 120 052 абследаванні, інфекцыя была пацверджана ў 1 089 чалавек. 794 чалавекі вылечыліся ад COVID-19, а 26 загінулі. Двое пацыентаў былі шпіталізаваны на працягу апошняга дня. Агулам 12 пацыентаў праходзяць курс у лякарнях: сем з сярэдняй і пяць з цяжкай формай захворвання. Па ўсёй Латвіі 12 сакавіка быў абвешчаны надзвычайны стан у сувязі з распаўсюдам каронавірусу. 7 траўня ўрад прыняў рашэнне прадоўжыць яго да 9 чэрвеня. У той жа час было прынята рашэнне аб скарачэнні шэрагу абмежаванняў з 12 траўня.
Як выжываюць правінцыйныя гарады і бізнэсы ў іх пасля каранціну? І хто іх наведвае? 23-гадовая інструктар па скалалазанні з англійскага Ліверпулю Тара Бэшфорд даўно марыла наведаць Новую Зеландыю, разам з жаніхом збірала грошы на паездку пасля аперацыі па перасадцы ныркі. Яе гісторыю распавядае Radio 1. Дзяўчыне падабаецца спантаннасць, незапланаванасць у паездках. Але сітуацыя з каронавірусам змяніла многае. У Новую Зеландыю давялося ляцець усё ж такі з акрэсленым планам, іначай у сучасных умовах немагчыма. У навазеландскім горадзе Квінстаўн жыве 28 тысяч чалавек, больш за палову якіх занятыя ў турыстычным бізнэсе, які моцна прасеў за апошнія месяцы. Уладальнік двух гатэляў у горадзе Брэт Данкан прызнаецца, што запусціць бізнэс у такіх месцах дорага і складана. Акупляльнасць пачынаецца толькі тады, калі гатэль запаўняецца, прынамсі, на 71%. Цяпер жа адзін гатэль зачыніўся, а другі запоўнены толькі на 40%, прычым нумары цяпер здаюцца па зніжаных коштах. Таму Данкан кажа, што Квінстаўну пашанцавала ва ўсёй сітуацыі з каронавірусам менш, чым каму кольвек. Вандроўніца Тара Бэшфард прызнаецца, што калі на каранціне настаў дзень, калі яны павінны былі вылятаць у Новую Зеландыю, яна была вельмі спустошаная, паколькі вымушаная была сядзець дома.
Міністарка замежных спраў Летувы Рыта Тамашунэнэ заявіла, што яе краіна гатовая скасаваць памежны кантроль на мяжы з Польшчай. Яна адзначыла, што правяла перамовы са сваімі польскімі калегамі. Тым болей, што Польшча ўваходзіць у спіс краін, грамадзяне якіх могуць прыязджаць у Летуву без абавязку праходжання 2-тыднёвага каранціну. Пры гэтым Рыта Тамашунэнэ пацвердзіла, што рашэнне мусіць быць двухбаковым, а гэта значыць, што на скасаванне памежнага кантролю ўплывае і рашэнне польскіх уладаў. Калі яны будуць згодныя, памежны кантроль прыбяруць. У Польшчы сітуацыя з каронавірусам знаходзіцца пад кантролем уладаў. На мінулым тыдні Летува дазволіла ўезд на сваю тэрыторыю грамадзянам мноства краін пры ўмове, што колькасць новавыяўленых выпадкаў каронавірусу ў іх краіне не перавышае 15 на 100 тысяч чалавек. Калі выпадкаў ад 15 да 25, тады заязджаць можна, але неабходна будзе адправіцца на паўмесячны каранцін. Беларусь не ўваходзіць ні ў першы спіс, ні ў другі.
На мінулым тыдні прэм’ер-міністры Польшчы і Летувы казалі, што аднаўленне свабодных узаемных паездак — справа некалькіх дзён.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.
Фота lv.baltnews.com