Пра што пішуць сусветныя СМІ?
У Люксембургу ўдвая пачасціліся факты парушэння працоўнага заканадаўства. Пераслед апазіцыі ў Зімбабвэ. Шакуючыя падрабязнасці. Пра што ў суботу напісала сусветная прэса, даведаемся з агляду Кастуся Багушэвіча.
ПС: Каронавірус яшчэ ў моцы ў Паўднёвай Амерыцы, а наперадзе чарговая навала. Саранча зрываецца на поўнач Аргентыны з Балівіі і Парагвая. І ўжо набліжаецца да мяжы з Уругваем. Гэта казурка перамяшчаецца ў сухім і гарачым клімаце, і ўлады ў розных правінцыях Аргентыны занепакоеныя аб’ёмамі, дасягнутымі ў гэтым сезоне. Гэта паўднёваамерыканская саранча (від Chistocerca cancellata), пералётны від родам якраз з Паўднёвай Амерыкі. Дырэктар па вытворчасці раслін Міністэрства вытворчасці правінцыі Карыентэс, інжынер Марыела Плетш пракаментавала для Montevideo Portal, што гэты працэс адсочваецца ў сельскагаспадарчай правінцыі. Апошні рэкорд па ўварванні такога маштабу прыпадае на 1947 год. „Мы аналізуем іх паводзіны, бо гэта папуляцыя ў больш чым 400 мільёнаў асобінаў, якая ў цяперашні час падарожнічае з хуткасцю ад 20 да 40 км у дзень, у залежнасці ад умоў надвор’я і кірунку ветру, але адлегласць можа таксама перавышаць 100 кіламетраў у дзень. Уявіце, што калі саранча рухаецца, гэта выглядае як воблака, якое мае ад 10 да 15 квадратных кіламетраў”, — растлумачыла інжынер. „Гэты від называюць яшчэ лятучым амарам, альбо паўднёваамерыканскім, ён мае сярэднюю даўжыню ад 5 да 7 сантыметраў, але, на маё здзіўленне, я выявіла, што некаторыя дарослыя асобіны дасягаюць 10 см. Яны жывуць ад 2 да 4 месяцаў, а самка можа адкладаць ад 80 да 120 яек кожныя 10 дзён. Траваедныя, яны ядуць усю агародніну, і зараз яны збіраюцца шчыраваць на пашах нашай правінцыі Карыентэс. Пасевы пакуль не пацярпелі, мы ўвесь час насцярожаныя іх рухамі, і таму мы паведамілі пра гэта вытворцам. Яны ўжо ўвайшлі ў правінцыі Санта-Фе і Энтрэ-Рыас. Уражвае, што рака Парана не была перашкодай, бо яны перасякалі яе ў адзіноце за 33 хвіліны», — сказала спецыяліст.
Словазлучэнне „зімбабвійская дыктатура” актуальнае і цяпер, хаця краінай кіруе ўжо не шматгадовы прэзідэнт Роберт Мугабэ. Вярхоўны суд краіны выпусціў пад падпіску аб нявыездзе апазіцыйнага юрыста і дзвюх актывістак, якія заяўляюць, што іх катавалі і падвяргалі гвалтоўным дзеянням дзяржаўныя пасадоўцы. Пазней яны былі арыштаваныя нібыта за фальсіфікацыю паказанняў у мінулым месяцы. Жанчыны — дэпутатка Парламента Альянсу Руху за дэмакратычныя змены Джаана Мамомбэ і моладзевыя актывісткі партыі Сесілія Чымбіры і Нэтсай Марова. Іх абвінавацілі ў правядзенні пратэсту ў траўні і арыштавалі. Тры жанчыны былі шпіталізаваны са шматразовымі пашкоджаннямі пасля таго, як яны былі затрыманыя па гэтай справе, і заявілі, што іх вывезлі за межы горада невядомыя мужчыны, якія нібыта збівалі іх і падвяргалі гвалту адну з іх. Суд у пятніцу абавязаў апазіцыянерак тры разы на тыдзень адзначацца ў паліцыі і здаць пашпарты ў рамках умоў залогу. Яны таксама не могуць наўпрост ці іншым чынам мець зносіны з любым дзяржаўным ці прыватным СМІ, уключаючы сацыяльныя сеткі, пакуль справа не скончыцца, сказаў суддзя Дэвіс Фарома. „Важна тое, што ім была прадастаўлена гарантыя. Аднак мы занепакоеныя іх бяспекай”, — заявіў прэс-сакратар партыі Фаджай Марэр, ягоныя словы прыводзіць Al-Jazeera. Прэзідэнт Эмерсан Мнангагва і міністр па пытаннях паліцыі Казэмбэ Казэмбэ сцвярджаюць, што жанчыны сфабрыкавалі гісторыю сваіх выкраданняў, і гэта частка больш шырокага сцэнару па дэстабілізацыі ўрада. Жанчынам пагражае турэмны тэрмін альбо штраф пасля абвінавачання ў ілжывых заявах. Палітычная напружанасць у Зімбабвэ застаецца высокай, інфляцыя ў краіне вышэйшая за 750 адсоткаў, і гэта падганяе антыўрадавыя настроі. Вярхоўны суд адхіліў заяву Альянсу Руху за дэмакратычныя змены на сілавую акцыю супраць яе, калі апазіцыйная сіла скардзілася на прымусовае высяленне сілавікамі сваёй штаб-кватэры ў сталіцы Харарэ.
У мінулым годзе ў Люксембургу былі пабітыя рэкорды па парушэннях правілаў працы і аховы здароўя, большасць парушэнняў звязана з няправільнай рэгістрацыяй працоўных. Агульная сума штрафаў больш чым удвая павялічылася і дасягнула больш за 5 мільёнаў еўра, большая частка якіх была вынікам таго, што еўрапейскія кампаніі не заяўлялі, што іх работнікі працавалі ў Люксембургу, піша Luxembourg Times. Усяго было выпісана 1200 штрафаў, вынесеных Міністэрствам працы — у параўнанні з 600 годам раней — гаворыцца ў апошнім штогадовым дакладзе інспекцыі працы ІТМ. Летась ITM ажыццявіла 5600 кантрольных выездаў на прадпрыемствы. Дзесьці было папярэджанне заранёў, а недзе адразу інспекцыя па прыездзе. Пераважная большасць адхіленых рабочых у Вялікім Герцагстве паходзіць з Нямеччыны (55%), затым ідуць Бельгія (12%) і Францыя (5%). Яны працавалі ў будаўніцтве, прамысловасці і гандлі. Іншыя падставы для ўвядзення санкцый прадугледжвалі парушэнне заканадаўства аб працы, дэклараванне працы, парушэнне правілаў бяспекі працы на будаўнічых пляцоўках і падпольная праца.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя