Пра свабоду слова казаць у сённяшняй Беларусі не выпадае



У Берасцейскім абласным судзе завершыўся разгляд дзвюх скаргаў мясцовага журналіста Яўгена Скрабца, якога раней прызналі вінаватым у парушэнні часткі 2 артыкула 22.9 КаАП РБ – „праца без акрэдытацыі”. Абодва эпізоды тычыліся інфармацыі, якая з’явілася на сайце Беларускага Радыё Рацыя. Папярэднія пастановы судоў Ленінскага і Берасцейскага раёнаў пакінулі ў сіле, а скаргі не задаволілі. Такім чынам, цягам месяца ад моманту судовага рашэння Яўгену Скрабцу патрэбна сплаціць 60 базавых велічыняў штрафу, а гэта 1530 беларускіх рублёў:

– Надалей буду спрабаваць абскарджваць гэтую справу, у тым ліку і праз Камітэт ААН па правах чалавека. Як я і заявіў на судзе, лічу яе палітычна матываванай, звязанай з асвятленнем пратэстаў у Беларусі, у маі выпадку – на ўзроўні рэгіёна, рэгіянальных пратэстаў.

Паводле інфармацыі на сайце Вярхоўнага суда Беларусі, абедзве скаргі разглядала суддзя Руслана Сянько, якая адхіліла хадайніцтва журналіста пацвердзіць свой статус і паўнамоцтвы пасведчаннем. Акрамя таго, Яўген Скрабец падаў дакументы на акрэдытацыю як карэспандэнта замежнага СМІ ў МЗС Беларусі:

Пакуль што сітуацыя са свабодай слова ў Беларусі, прынамсі для некаторай часткі журналістаў, станоўчай не выглядае.

МЗС адмовіла журналісту ў акрэдытацыі, спаслаўшыся на тое, што цягам апошніх шасці месяцаў выявіліся факты супрацы з Беларускім Радыё Рацыя неакрэдытаваных журналістаў. Паводле цяперашняга заканадаўства, гэта ёсць падставай, каб адмовіць. Адмову ў акрэдытацыі журналіст таксама плануе абскардзіць у Канстытуцыйным судзе Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце