Пра «Вясковы рэнесанс» у Берасці



Пра «Вясковы рэнесанс» на прыкладзе вёсцы Стойлы Пружанскага раёна гаварылі на берасцейскай «Мове Нанова». Там сям’я Алеся і Ларысы Быцко з Берасця стварылі аграсядзібу „Стулы”, куды запрашаюць турыстаў пазнаёміцца з вясковым жыццём і ягонымі адметнасцямі.

Падрабязней кажа вядоўца курсаў Іна Хоміч:

Важна паказаць, што наша вёска не толькі дэпрэсіўная, як нам часта малюецца. З нейкімі бухарыкамі, без працы, што таксама ёсць канешне, але ёсць і вельмі пазітыўныя прыклады. Калі людзі там нешта робяць, робяць пра вёску для вёскі, і расказваюць пра вёску гарадскім жыхарам. Таму такая тэма і такія госці, і мы рады, што яны да нас завіталі.

Вёска Стойлы вядомая тым, што да 2015 года там жыў усяго адзін жыхар, разбяр Мікола Тарасюк. Ён быў вядомы як у краіне, так і за мяжой сваімі драўлянымі творамі, якіх назбіралася на цэлы музей. Музей той мае назву “Успаміны бацькаўшчыны” і месціцца там жа, у Стойлах.

Кажа Алесь Быцко, гаспадар “Стулаў”:

Пра спадара Тарасюка можна гаварыць суткамі. Перш за ўсё гэта быў вельмі таленавіты чалавек, самародак, шоумен. Калі б яго паказаць на Захадзе ў рэаліці-шоу, гэта была б бомба. Ён сем гадоў жыў адзін у вёсцы, якой няма.

Драўляная спадчына Міколы Тарасюка і памяць пра яго працягваюць жыць. У сядзібе «Стулы», напрыклад, турыстам паказваюць традыцыйны беларускі тэатр батлейку з лялькамі, што зроблены з дрэва.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце