Пра вёску, якая пераўтварылася ў «горад буслоў»



Кудрычы. Бадай адна з самых вядомых вёсак на Палессі. Як зараз кажуць «раскручаных». Хто пра яе толькі не пісаў: айчынныя і замежныя журналісты, здымалі шматлікія фатографы, дакументалісты… Літаральна за апошнія два-тры гады дзясяткі розных матэрыялаў. Хтосьці захапляецца, хтосьці выказвае хваляванне, што ўнікальны турыстычны аб’ект знікае, а іншыя і ўвогуле ставяць кропку, маўляў час сыйшоў і нічога ўжо не зробіш.

З нагоды 465-годдзя першай узгадкі вёскі пагартаем старонкі яе гісторыі. Як бы не было, але пакуль яшчэ Кудрычы даюць магчымасць здзейсніць падарожжа ў часе і пранікнуцца жыццём палешука на стыку ХIX – XX стагоддзяў. Вёска размешчана ў глыбіні легендарных пінскіх балот і ўяўляе сабой сетку астраўкоў, дзе кожная хата як крэпасць у асяроддзі вады, ва ўсякім выпадку такі пейзаж назіралі не так даўно.

Пры ўездзе ў Кудрычы, нашы дні.

Наперад у XVI стагоддзе…

Першае летапіснае ўпамінанне датуецца 1555 годам. Паселішча належала Пінскаму манастыру францысканцаў. Гэты каталіцкі ордэн з’явіўся на Піншчыне ў XIV стагоддзі, лічыцца, што ў 1396 годзе манахі заклалі свой першы касцёл у горадзе над Пінай.

На жаль, у Кудрычах не захавалася Свята-Петра-Паўлаўская царква, пабудаваная ў 1788 годзе. Да яе былі прыпісаныя капліцы ў Асабовічах, Плошчава і Маладзельчыцах. Вёска здолела захаваць свой уклад нягледзячы на спусташальныя войны, якія закранулі край, асабліва ў ХХ стагоддзі. Як адзначаюць гісторыкі, багны і вялікая вада сталі крэпасцю для такіх вёсак.

Вулачка ў Кудрычах, кастрычнік 1934 год, Луіза Арнер Бойд.

На пачатак 2000-х гадоў у Кудрычах налічвалася 26 двароў і 44 жыхары. Цяпер і таго менш, здавалася б, якая можа быць перспектыва ў вёскі? Але новае тысячагоддзе з’явілася новым этапам у гісторыі вёскі. Яна стала музеем пад адкрытым небам, цэнтрам прыцягнення турыстаў і нават больш – сталіцай экатурызму Пінскага Палесся. Усё дзякуючы таму, што захавалася спрадвечнасць, крытыя чаротам хаты, хлявы, а таксама зроблены паляшукамі працоўны інвентар. Арыгінальны спосаб захоўвання ежы, дроў і шмат іншага, без чаго не маглі абысціся людзі на балоце.

Колішняя хата паляшука, нашы дні.

У 1990-я – 2000-я гады Кудрычы былі пад увагай вядомага краязнаўцы-фатографа, эколага Аляксея Дуброўскага (гл.: Палессе ў аб’ектыве Аляксея Дуброўскага). Менавіта ён у свой час выказваў ідэю кансервацыі вёскі, стварэння паўнавартаснага турыстычнага аб’екту.

Тутэйшая прырода – асобная размова. Кудрычы без перабольшання можна назваць «Горадам буслоў». Яны шпацыруюць па вулачках, паўсюль іх «кватэры-гнёзды», побач суседнічаюць чаплі, лебедзі і іншыя птушкі характэрныя для Палесся.

Гэты хлеў яшчэ выкарыстоўваецца гаспадарамі, нашы дні.

Вядома, рамантыка і настальгія добра, але для турыста, а асабліва замежнага, павінны быць умовы для адпачынку пасля падарожжа: гарачае харчаванне, вада, утульнае памяшканне для сну і доступ да Інтэрнэту. Развіццё турыстычнай інфраструктуры з’яўляецца адной з прыярытэтных задач. У Кудрычах знаходзіцца аграсядзіба «Рака Багоў», якую ў 2014 годзе прызналі адной з лепшых на Берасцейшчыне. Яе гаспадар Алег Садоўскі сур’ёзна падышоў да справы і не хавае, што жадаючыя адпачыць у палескай глыбінцы ёсць заўсёды, незалежна ад пары года і ўмоў надвор’я.

 Турысты любяць сплаў па Ясельдзе, нашы дні.

Кудрычы наведала «Лэдзі Арктыкі»

У кастрычніку 1934 года, вядомая амерыканская даследчыца Луіза Арнер Бойд у суправаджэнні польскіх географаў і пры падтрымцы Пінскай ваеннай рачной флатыліі дасягае Кудрычаў (гл.: Палессе Луізы Бойд). Амерыканка робіць бясцэнныя кадры. Ужо тады краявіды вёскі трапляюць на старонкі заходняй прэсы. Цяпер жа мы можам параўнаць, што паселішча сапраўды захавала даўніну.

«Пра балоты звычайна пішуць, што яны плоскія і аднастайныя, але я не лічу іх гэткімі, магчыма таму, што галоўным прадметам маёй зацікаўленасці былі мясцовыя жыхары… Людзі, якія пражываюць на водных шляхах, маюць адметны характар, які розніць іх ад жыхароў іншых мясцін, дзе калі-небудзь ступала нага чалавека… Першае ўражанне, якое зрабілі на мяне балоты, было адчуванне цішыні, якая час ад часу парушалася плёскатам вясла і рэдкім працяжным гудком парахода…» – занатавала Луіза Бойд.

Кудрычы ў кастрычніку 1934 года, Луіза Арнер Бойд.

Паназіраўшы за жыццём палешука ад Пінска да Кудрычаў, «Лэдзі Арктыкі», такую  мянушку атрымала за вывучэнне Арктыкі і Грэнландыі, адзначыла:

«Балотная расліннасць мае вельмі важнае значэнне ў гаспадарцы людзей, якія жывуць на балотах. Асака з плоскай і жорсткай паверхняй, вырастае да вышыні ў некалькі футаў над паверхняй балота. Сенакосы прыпадаюць на лета і пачатак восені. Мужыкі косяць, стоячы па калена ў балоце. Трава скошваецца косамі і ставіцца ў стагі на сплеценыя з галін  насцілы. Летам асобныя стагі перавозяцца лодкамі на гаспадарку, але большая іх частка застаецца на берагах рэк. Асака ідзе на подсціл жывёле, а часам ужываецца для накрыцця дахаў. Аднак часцей за ўсё з гэтай мэтай выкарыстоўваецца чарот, які расце ў глыбіні балотных абшараў…»

Мясцовыя жыхары, кастрычнік 1934 год, Луіза Арнер Бойд.

«Мека беларускага аграэкатурызму» і «Палеская Венецыя»

Гадоў дзесяць таму, турысты з Расеі, падзяліліся сваімі ўражаннямі пра Кудрычы на старонках «Расейскай Газеты». Яны назвалі вёсачку «Мекай беларускага аграэкатурызму»:

«Сюды ездзяць і шведы, і амерыканцы, адбою няма. Вёска была адрэзаная вадой яшчэ гадоў 20 таму, цяпер гравейку пабудавалі. Там зліваюцца дзве ракі, Ясельда і Прыпяць. Там людзі жылі, як у XIX стагоддзі. Пры паводцы – вёска стаіць на сямі такіх астраўках – паўгода стаяла вада, адзін да аднаго на лодках ездзілі. Па вадзе ішлі кіламетраў 40 у Пінск, каб прадаць рыбу на базары і назад. Бортні вісяць на дрэвах, з пчоламі, мёдам. Усё старадаўняе, хаты пакрытыя чаротам… ».

Буслы – яны ў Кудрычах паўсюль, нашы дні.

З-за таго, што вада часам падступае пад самыя хаты, еўрапейскія госці параўналі вёску з Венецыяй. Праўда, ужо некалькі год запар, з-за цёплых зім і сухога лета, вялікай вады няма. Паляшук пакутуе без вады, як і ўся прырода. Ды і з’явіліся ў Кудрычах нашчадкі, якія выкарыстоўваюць бацькоўскую або дзедаўскую вотчыну пад лецішча. А з гэтага шмат чаго вынікае: дамы перакрываюць сучасным дахам, перабудоўваюць хлявы, ставяць сучасны плот і г.д. А куды ж без цывілізацыі…

Увогуле за піяр Кудрычы павінны падзякаваць ня толькі Аляксею Дуброўскаму. У гэтым яму дапамагаў дасведчаны экскурсавод, аўтарка шэрагу турыстычных выданняў Таццяна Хвагіна. Свой унёсак зрабіў і Сяргей Плыткевіч. Канечне, вёска цікавая, а тым больш гадоў 10-20 таму, але не менш чым напрыклад тыя ж Мясяцічы, Хрысцібалавічы ці Тупчыцы.

Сапраўдныя гаспадары Кудрычаў, нашы дні.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя