Праблема гандлю людзьмі застаецца актуальнай
Гандаль людзьмі ў ХХІ стагоддзі не перажытак старажытных часоў. Берасцейскімі праваахоўнікамі за першае паўгоддзе пачаты 53 крымінальныя справы па факце злачынстваў, звязаных з гандлем людзьмі. Нягледзячы на няспынную інфармацыйна-асветніцкую кампанію пра выезд на працу за мяжу, многія грамадзяне ставяцца бяспечна, лічачы, што гэтага не можа з імі здарыцца.
У Берасці пад патранажам Чырвонага Крыжа дзейнічае рэабілітацыйны цэнтр “Рукі дапамогі”. Старшыня Берасцейскага Чырвонага Крыжа Ніна Саванеўская паведаміла, што сёння цэнтр аказвае дапамогу двум падлеткам:
– Цяпер у нашым цэнтры матэрыяльную, псіхалагічную дапамогу атрымліваюць два хлопчыкі, якія пацярпелі ад педафіліі. У 2012-2013 гадах мы дапамагалі непаўнагадовым, якія былі ўцягнуты ў порнаіндустрыю. На момант здзяйснення злачынства яны былі непаўнагадовымі. Дапамагаем канфідэнцыйна, ананімна.
Па інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў, за апошнія 10 год у рабства рознага характару трапіла звыш 5 тысяч грамадзян Беларусі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота timeway.ru