Праблемы з пітной вадой у Бешанковічах так і не вырашыліся



З 30-га сакавіка пасля ўжывання вады з водаправоду былі шпіталізаваны 29 жыхароў райцэнтра, але многія сем’і да медыкаў не звярталіся, спрабуючы вырашыць праблемы са здароўем самі. Паколькі захварэлі пераважна жыхары мікрараёна “Моладзевы”, які мае асобную сістэму водазабеспячэння, то людзі меркавалі, што праблема ў якасці вады – там болей, што яна некалькі дзён мела непрыемны пах і колер. Але санітарныя лекары настойваюць, што па мікрабіялагічных паказніках адпавядае нормам.  Тым не менш, водаправодную ваду рэкамендавана выкарыстоўваць толькі ў гаспадарчых мэтах, а дзецям у школах сказана мець пітную ваду з сабой, распавяла жыхарка райцэнтра Аляксандра Звездзянкова:

 – Сказалі мець бутэлечку вады з сабой. А пра тое, што будзе арганізаваны падвоз пітной вады, я ўвогуле даведалася выпадкова – убачыла паперку на суседнім пад’ездзе. Падобна, такія ў іх праблемы зараз, што і паперы бракуе. Напэўна, такая цяпер палітыка, што ўсё хаваюць, і праўды, я думаю, мы ніколі і не даведаемся – што там было.

У райцэнтр увесь тыдзень прывозяць пітную ваду на машынах. Таксама людзі ездзяць па ваду да крыніц – за некалькі дзясяткаў кіламетраў. Набываць ваду ў краме, калі сям’я вялікая, абыходзіцца нятанна. Медыкі санітарнай службы маюць версію, што прычынай масавых захворванняў стаў норавірус –  кішэчная інфекцыя, якая распаўсюджваецца як праз ваду, так і паветрана-кропельным шляхам. Таму жыхарам райцэнтру настойліва раяць насіць маскі ў грамадскіх месцах і не забывацца на правілы асабістай гігіены. Таксама сітуацыяй у Бешанковічаў займаюцца следчыя: яны праводзяць праверку эксплуатацыі водаачышчальнага абсталявання.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск