Як выглядае сітуацыя з візамі на “Басовішча”?
Арганізатары фестывалю “Басовішча-2017” запэўнілі, што Генеральнае консульства Польшчы ў Берасці акажа візавую падтрымку наведвальнікам мерапрыемства. Дакументы аднак будуць прымацца праз мясцовы візавы цэнтр і да 16:00 сённяшняга дня. У самім консульстве пацвердзіць гэтую інфармацыю, аднак, не ўдалося.
– Мы ўжо гаварылі з вашым прадстаўніком з Польшчы і ўсё расказалі. На жаль, я не магу вам падаць гэтую інфармацыю. Яе ніхто вам не дасць, бо гэта наша ўнутраная інфармацыя. Мы вырашылі пытанне з тымі людзьмі, якія ўзнялі гэтае пытанне. Трэцім асобам такой інфармацыі не даём. Прынамсі я дакладна не маю такіх паўнамоцтваў.
З інфармацыі, прадстаўленай арганізатарамі фэсту, вынікае, што асобы да 25 гадоў уключна атрымаюць бясплатную візу, а старэйшыя за 25 гадоў – са зніжкай 50%, што складзе 30 еўра. Сам збор візавага цэнтра за паслугі для кожнага ўзросту складзе 15 еўра. Якія дакументы патрэбны, каб атрымаць візу на «Басовішча-2017», у Берасці таксама не распавялі.
З Гародняй сітуацыя больш складаная. Асобам да 25 гадоў давядзецца заплаціць за візу 15 еўра, старэйшым — 45 еўра. Усё праз візавы цэнтр. 12 ліпеня да 17-й гадзіны. Патрэбна таксама даведка пра заробак ці выпіска з банкаўскага рахунка, а таксама страхоўка, паведамляюць арганізатары фестывалю ў сацсетках.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце