Прадпрымальнік збірае грошы на “несучасны” дах



Уладзімір Рамановіч, заснавальнік брэнда “Belarusam”, абвясціў збор грошай на будаўніцтва даху для ўласнае хаты.

Жытло для сваёй сям’і – жонкі і двух сыноў – ён будуе ў райцэнтры Бешанковічы, і гэта ўжо другая спроба будаўніцтва: у лістападзе 2017-га года амаль гатовая хата з саламяных блокаў з невядомых прычынаў згарэла. Міліцыянты не знайшлі вінаватых і нават не распачыналі крымінальную справу. Прадпрымальнік вырашыў пачаць усё занава:

– Будуем на тым самым месцы. Шмат хто кажа, што нельга так, што кепская прыкмета…  Але ж вунь у Японіі будуюць, і гэта наадварот лічыцца добрым месцам – бо знішчана негатыўная энергія. І ў Беларусі цэрквы адбудоўвалі на падпальных месцах, і нічога! Усе жывуць, і ўсім добра. Мы рукі не апускаем.

Хата павінна быць экалагічнай, вырашылі ў сям’і. І адпавядаць беларускім традыцыям. Таму дах у яе будзе не з сучасных матэрыялаў, а з дрэва, кажа Уладзімір Рамановіч:

– Хочацца, па-першае, якасны матэрыял, цёплы матэрыял. Па-другое, раз дом у нас экалагічны, то мы хочам аднавіць працу з тымі матэрыяламі, якімі беларусы карысталіся раней, 100 – 200 гадоў таму. Гэта дах з драўніны – гэта дранка, або гэта дах з цёсавай дошкі.

Прадпрымальнік абвясціў збор грашовых сродкаў на выраб дранкі або цёсу – у залежнасці ад якасці драўніны на выдзеленым лясгасам участку. Ён хацеў бы сабраць 2 500 рублёў. А ў якасці падзякі гатовы прапанаваць ахвярадаўцам бясплатныя майстар-класы па будаўніцтве – як  з улікам уласнага досведу, так і пад кіраўніцтвам вырабнікоў незвычайных будматэрыялаў. А таксама  пачастункі паміж працай, сувенірную прадукцыю ўласнага вырабу і экскурсіі па Бешанковічах і ваколіцах.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя