Прадпрымальнікі Беларусі і Польшчы выправяцца ў велапрабег
Ладзіцца чарговы велапрабег прадпрымальнікаў Беларусі і Польшчы, які хочуць арганізаваць прадстаўнікі Берасцейскага мясцовага фонду рэгіянальнага развіцця і Гандлёва-прамысловай палаты горада Седльцы.
„Галоўнай мэтай мерапрыемства стане знаёмства бізнесоўцаў у нефармальнай атмасферы для ўсталявання далейшых кантактаў”, – кажа дырэктар фонду Аляксандра Курыловіч:
– Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца. Велапрабег будзе праходзіць у гэтым годзе на тэрыторыі Польшчы. У мінулым годзе ён праходзіў на тэрыторыі Белавежскай пушчы, у гэтым годзе мы вырашылі паехаць у госці да нашых польскіх партнёраў. Даты правядзення 17-19 чэрвеня, то бок гэта тры дні. Калі кагосьці цікавіць, то больш падрабязную інфармацыю можна знайсці ў нас на сайце ці на нашай старонцы ў Фэйсбуку.
У мінулым годзе колькасць удзельнікаў велапрабегу ў пушчы з беларускага і польскага боку склала каля 70-ці чалавек. Арганізатары спадзяюцца, што ў гэтым годзе склад удзельнікаў можа стаць яшчэ больш шырокім.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце