Прадпрымальнікі Пінска правялі сход
У Пінску прадпрымальнікі правялі сход каля будынка гарадской адміністрацыі. Прыблізна 100 гандляроў сабраліся каля гарвыканкама, каб выказаць свае патрабаванні ды прапановы ўладзе. Адметна, што пінскія прадпрымальнікі кажуць ня толькі пра ўказ № 222 аб сертыфікацыі, паводле іх слоў гэта стала добрым штуршком, каб у цэлым выказацца пра сітуацыю з прыватным сектарам.
Да прадпрымальнікаў Пінска выйшаў намеснік старшыні гарвыканкама па эканамічных справах Мікалай Самалазаў. Ён запісваў усе прапановы і выслухаў ад прысутных, у якім стане рэальна знаходзіцца эканоміка, якія рэальныя заробкі ў грамадзян. Чыноўнік адразу адзначыў, што мясцовыя ўлады ўказ прэзідэнта не адменяць, але ўсе заўвагі разглядзяць.
«Пакуль улады да канца не зразумеюць, што бізнес – гэта рух эканомікі, то цяжкасці будуць толькі ўзмацняцца”, — лічыць удзельнік сходу, які займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю з часоў перабудовы:
— Цяпер эканамічная сітуацыя спала дзесьці на траціну, але гэта не безвыходныя сітуацыя. Рухавік эканомікі — гэта прыватная ўласнасць. Гаспадар заўсёды будзе ставіцца да сваёй вытворчасці і сваёй гандлёвай кропкі на некалькі парадкаў лепш і больш адказна за любога прызначанага дырэктара, а тым больш — дзяржаўных прадпрыемстваў.
Таму прыватную ініцыятыву трэба наадварот усяляк падтрымоўваць, а не выдумляць чарговыя зборы. Пінскія прадпрымальнікі разумеюць, што наўрад ці загад будзе адменены, але яго трэба пераглядзець з пункту гледжання практычнай рэалізацыі.
Беларускае Радыё Рацыя