Прадстаўнік адміністрацыі Лукашэнкі пра сітуацыю з вадой у Менску
„Абсалютна шараговай” назваў сітуацыю з вадой у Менску намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой.
„На сённяшні момант сітуацыя цалкам лакалізаваная, нармалізаваная падача водазабеспячэння практычна ва ўвесь жыллёвы фонд горада Менска. Я думаю, што літаральна да канца дня — пачатку раніцы вада будзе дазволеная і для пітных мэтаў. Прынамсі, цяпер ужо грамадзяне могуць памыцца, выкарыстоўваць яе для нейкіх іншых патрэб”, — прыводзіць словы Крутога тэлеканал СТВ.
Базавая версія, паводле яго слоў, — падчас рамонтных работ, калі замяняўся ўчастак водаправода, у астатняй частцы вада на працягу месяца або паўтара ва ўмовах спякоты і пад уплывам іншых фактараў знаходзілася ў застойным становішчы. „Калі ўвесь водаправод быў звараны, яна трапіла ў сістэму, прайшоўшы праз адпаведныя сістэмы ачысткі, з рэагентамі і іншае. Але тым не менш выклікала такую сітуацыю”, — заявіў чыноўнік.
„Я не думаю, што тут ёсць нейкі ўжо занадта залішні форс-мажор, — сказаў Крутой. — Магчыма, на фоне у тым ліку палітычнай кампаніі, якая праходзіць, любая падзея разглядаецца пад павелічальным шклом. І, натуральна, абсалютна радавыя, штатныя сітуацыі, на жаль, выходзяць на такі ўзровень”.
Як паведамлялася, Менгарвыканкам пакуль не зняў забарону на выкарыстанне як пітной вады ў раёнах, дзе водазабеспячэнне ажыццяўляецца з паверхневых крыніц.
Першыя звароты па якасці вады сталі паступаць 24 чэрвеня ад жыхароў Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў, таму што іх тэрыторыя знаходзіцца побач з ачышчальнымі станцыямі. „Да астатніх няякасная вада дайшла пазней, таму што адлегласць далей. Гэта мікрараёны чыгуначнага вакзала і частка Курасоўшчыны ў Кастрычніцкім, Няміга — Ціміразева ў Цэнтральным”, — заявіў старшыня гарвыканкама Анатоль Сівак.