Прадстаўнік касцёла: Над праблемай вяртання арцыбіскупа Кандрусевіча ў Беларусь працуюць юрысты



Юрысты працуюць над рашэннем праблемы вяртання ў краіну мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ) ксёндз Юрый Санько.

Паводле яго слоў, на мінулым тыдні каталіцкі іерарх атрымаў адказ на свой запыт з Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі — ведамства, якое раней прызнала ягоны пашпарт несапраўдным, на падставе чаго Кандрусевіча не ўпусцілі на радзіму. Змест ліста зводзіўся да таго, што працягваецца праверка наяўнасці ў арцыбіскупа іншага грамадзянства.

„Цяпер ідзе праца з юрыстамі для звароту ў вышэйшыя інстанцыі”, — сказаў ксёндз Санько.

31 жніўня памежнікі без тлумачэння прычын не ўпусцілі арцыбіскупа Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь, нягледзячы на яго беларускае грамадзянства. Праз два тыдні афіцыйны партал касцёла ў Беларусі са спасылкай на кіраўніка Дзяржпагранкамітэта Аляксандра Лапо паведаміў, што Кандрусевіча не пусцілі ў Беларусь, таму што міліцыя абвясціла яго пашпарта несапраўдным.

У сярэдзіне верасня начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун паведаміў журналістам, што ведамства высвятляе моманты, звязаныя з магчымай наяўнасцю ў арцыбіскупа сапраўднага замежнага грамадзянства, а таксама са спыненнем ранейшага замежнага грамадзянства пасля натуралізацыі ў Беларусі.

Кандрусевіч, будучы ўраджэнцам Беларусі, на момант развалу Савецкага Саюза служыў у Расеі і атрымаў адпаведна расейскае грамадзянства. Неўзабаве пасля прызначэння на Мінска-Магілёўскую кафедру ў 2007 годзе каталіцкі іерарх адмовіўся ад расейскага грамадзянства на карысць беларускага.

Пытанне аб сітуацыі з Кандрусевічам уздымалася падчас візіту ў Беларусь 11—14 верасня сакратара па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыята Святога прастола арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера. Пасля візіту дзяржсакратар Ватыкана кардынал П`етра Паралін заявіў: Святы прастол настойвае на тым, каб старшыня беларускага біскупства „мог вярнуцца ў сваю дыяцэзію і працягваць кіраваць сваёй паствай”.

Раней генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі назваў сітуацыю з арцыбіскупам Кандрусевічам, узнікненне складанасцяў у адносінах з апаратам упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і некаторыя іншыя выпадкі пераследам касцёла, пра які „ніхто адкрыта не кажа”.

Варта зазначыць, што праз два дні пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, 11 жніўня, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў са зваротам, у якім заклікаў сілавікоў і пратэстоўцаў спыніць гвалт.

15 жніўня ён звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі і чыноўнікаў з заклікам пачаць „канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзян”. „Людзі маюць права ведаць праўду, якую нельга прыносіць у ахвяру, каб дагадзіць чыімсьці палітычным ці кан`юнктурным інтарэсам. <…> Пралітая кроў на вуліцах нашых гарадоў, збіццё людзей, якія выйшлі на мірныя дэманстрацыі, таму што хочуць ведаць праўду, жорсткае абыходжанне з імі і ўтрыманне ў нялюдскіх умовах у месцах зняволення — цяжкі грэх на сумленні тых, хто аддае злачынныя загады і чыніць насілле”, — зазначыў каталіцкі іерарх.

На мітынгу ў сваю падтрымку ў Гародні 22 жніўня Лукашэнка парэкамендаваў духавенству „супакоіцца і заняцца сваёй справай”, а таксама заявіў, што „цэрквы, касцёлы — не для палітыкі”. Ён заклікаў служыцеляў царквы „не ісці за адшчапенцамі”. „Вам будзе сорамна і ганебна за тое, якую вы, некаторыя, пазіцыю займаеце цяпер. І дзяржава з абыякавасцю на гэта глядзець не будзе”, — адзначыў Лукашэнка.

belapan.by