Прадстаўнік КХП-БНФ звярнуўся ў пракуратуру ў сувязі са зносам крыжоў



Адказны сакратар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Алесь Чахольскі 16 красавіка накіраваў у Генеральную пракуратуру скаргу ў сувязі з новым зносам крыжоў на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты. Пра гэта палітык паведаміў на пасяджэнні круглага стала з удзелам абаронцаў Курапатаў у Менску.

Чахольскі падкрэсліў, што падчас суботніка, які правялі ва ўрочышчы праўладныя арганізацыі, былі дэмантаваныя і вывезеныя 24 металічныя крыжы, устаноўленыя актывістамі партыі прыблізна два гады таму ўздоўж Менскай кальцавой аўтадарогі. Ён мяркуе, што гэта зрабілі супрацоўнікі дарожных службаў. На месцы крыжоў высаджаныя дрэвы, тры крыжы засталіся некранутымі, сказаў актывіст.

„Акрамя дзяржаўнага вандалізму тут яшчэ адбыўся і банальны крадзеж. Я накіраваў у Генпракуратуру дакументы па гэтых крыжах”, — паведаміў Чахольскі. Паводле яго слоў, кошт матэрыялаў для вырабу аднаго крыжа без уліку работы склаў прыкладна 75 рублёў.

Прадстаўнік партыі адзначыў, што ўваходзіў у склад створанай у 2017 годзе паводле ініцыятывы Паўла Якубовіча, на той момант галоўнага рэдактара газеты „Советская Белоруссия”, грамадскай групы па мемарыялізацыі Курапатаў, і, паводле яго слоў, удзельнікі тады „знайшлі паразуменне, што нельга крыжы ламаць, што крыжовы перыметр з’яўляецца адным з элементаў мастацкай агароджы мемарыяла”. „Мы пагадзіліся з канцэпцыяй, што трэба замацаваць шырокія ахоўныя зоны, планавалі ў Курапатах і музей, і сцяну памяці стварыць, і каб даследчыкі працавалі — на наступных этапах, пасля ўстаноўкі памятнага знака. Як атрымалася, так атрымалася: скончылася праца групы нічым, а далей адбывалася так званая дзяржаўная мемарыялізацыя”, — паведаміў Чахольскі.

Даследчык сталінскіх рэпрэсій гісторык Ігар Кузняцоў адзначыў, што афіцыйны мемарыял у Курапатах быў прыняты адпаведнай камісіяй 16 лістапада 2018 года, аднак не была праведзеная цырымонія яго адкрыцця. „Ён кінуты там стаіць”, — сказаў Кузняцоў. Паводле яго слоў, першапачаткова пры планаванні мемарыяла гаворка ішла пра тое, што „нічога ў Курапатах не будзе кранутае”.

Актывістка Ганна Шапуцька нагадала, што адразу пасля зносу ва ўрочышчы драўляных крыжоў 4 красавіка яна звярнулася са скаргай у Генпракуратуру, аднак адказу пакуль не атрымала. Шапуцька прапанавала абаронцам Курапатаў падрыхтаваць зварот у Міністэрства культуры, каб высветліць, на якой падставе і паводле якога праекта ва ўрочышчы праходзяць работы, у тым ліку ўстаноўленыя металічныя ўваходныя вароты. Яна таксама лічыць патрэбным звярнуцца ў Камітэт дзяржкантролю ў сувязі з тым, што закатаная летась у цэмент сцежка ў Курапатах ужо фактычна разбурылася.

1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” заявіў, што Курапаты будуць прыведзеныя ў парадак. „І каб дэманстрацый з крыжамі па перыметры там таксама не было. Ну навошта вы там павыстаўлялі гэтыя белыя крыжы (гаворка ідзе пра новыя крыжы, устаноўленыя актывістамі летам мінулага года. — БелаПАН.)? Вам што, царква дазволіла гэта рабіць? Гэта дэманстрацыя, а я супраць такой дэманстрацыі”, — заявіў ён.

4 красавіка ў Курапатах згодна з рашэннем уладаў былі знесеныя і некуды вывезеныя 70 шасціметровых крыжоў. Гэтыя дзеянні выклікалі негатыўны рэзананс у грамадстве. З 4 па 7 красавіка пры розных абставінах, так ці інакш звязаных з Курапатамі, было затрымана прыблізна 20 чалавек, частку з іх судзілі, пакараўшы адміністрацыйнымі арыштамі і буйнымі штрафамі.

10 красавіка абаронцы Курапатаў перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта адкрыты зварот на імя Лукашэнкі з заклікам вярнуць на месца дэмантаваныя крыжы.

13 красавіка ў Курапатах прайшоў „суботнік па ўпарадкаванні тэрыторыі” з удзелам прадстаўнікоў БРСМ, „Белай Русі”, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і іншых арганізацый. Ва ўрочышчы ў гэты дзень зноў былі дэмантаваныя крыжы.

belapan.by

Фота svaboda.org