Прадстаўнік Мінфіна: „Справы ўрачоў” можна было пазбегнуць



Беларусь магла б пазбегнуць „справы ўрачоў” у выпадку, калі б у краіне не быў адменены ведамасны кантроль над дзяржарганізацыямі, лічыць начальнік галоўнага кантрольна-рэвізійнага ўпраўлення Мінфіна Аляксандр Ганчар.

Нагадаем, летам 2018 года праваахоўныя органы паведамілі пра шматлікія выпадкі карупцыі ў сістэме аховы здароўя. У сувязі з гэтым было распачата 95 крымінальных спраў і каля 100 чалавек апынуліся пад следствам. Па „справе медыкаў” дагэтуль праходзяць судовыя пасяджэнні. Летам новая крымінальная справа была адпраўлена ў суд (абвінавачваных больш за 20 чалавек).

У артыкуле, апублікаваным у апошнім нумары ведамаснага часопіса „Финансы, учет, аудит”, начальнік галоўнага кантрольна-рэвізійнага ўпраўлення Мінфіна Аляксандр Ганчар адзначае, што з 2010 года колькасць супрацоўнікаў, якія былі ўпаўнаважаны кантраляваць працу дзяржарганізацый, у дзяржорганах пастаянна скарачалася з прычыны кадравых аптымізацый.

„Па факце ў структуры многіх дзяржорганаў да моманту апошняй аптымізацыі, праведзенай да 1 верасня 2017 года, службаў ведамаснага кантролю ўжо не існавала альбо адпаведныя абавязкі былі ўскладзеныя на 1-2 работнікаў, што не дазваляла дзяржаўным органам якасна займацца такой дзейнасцю”, — мяркуе Ганчар.

З 2018 года, лічыць ён, калі ў краіне было прынята рашэнне адмяніць планавыя праверкі ў карпаратыўным сектары, дзяржорганы зусім пазбавіліся рэальных магчымасцяў кантраляваць дзейнасць дзяржарганізацый. „У выніку дзяржпрадпрыемствы сталі прадастаўлены самі сабе”, — адзначае Ганчар.

Сітуацыя, што склалася, мяркуе ён, прывяла да таго, што „своечасова ажыццяўляць папярэджанне, выяўленне і спыненне парушэнняў заканадаўства, забяспечваць захаванасць, мэтавае і эфектыўнае выкарыстанне” дзяржмаёмасці аказалася праблематычна. „На нашу думку, калі б не адмена ведамаснага кантролю, то наша краіна магла б пазбегнуць гучнай „справы ўрачоў”, — рэзюмуе Ганчар.

Паводле дадзеных Міністэрства фінансаў, 16 дзяржорганаў і дзяржарганізацый цяпер падтрымліваюць прапановы пра ўкараненне ў краіне сістэмы ўнутранага кантролю і аўдыту ў дзяржаўным сектары.

belapan.by