Прадстаўнікі 15 ВНУ аб’ядналіся ў Задзіночанне беларускіх студэнтаў
Прадстаўнікі 15 студэнцкіх супольнасцяў універсітэтаў Беларусі аб’ядналіся ў Задзіночанне беларускіх студэнтаў (ЗБС), паведамляецца на сайце новай супольнасці.
Першачарговая мэта ЗБС — вярнуць у Беларусь „прынцыпы дэмакратычнасці, законнасці і захавання правоў і свабод чалавека”, адзначаецца на сайце.
„З сённяшняга дня голас ЗБС — голас аб’яднанага студэнцтва. Мы аб’ядноўваем 15 ВНУ 6 гарадоў Беларусі агульнай колькасцю каля 80 тысяч студэнтаў. Пры гэтым мы нацэлены на аб’яднанне з усімі ініцыятыўнымі ўніверсітэтамі, — заяўляе Задзіночанне беларускіх студэнтаў. — Моладзь — гэта рухаючая сіла ў любой краіне. Наша маладое пакаленне даказала ўсяму свету, што, нягледзячы на прапаганду даўжынёю ў 26 гадоў, магчыма мець свае перакананні і быць свабоднымі душою людзьмі”.
У аб’яднанне будуць уваходзіць страйкамы ўніверсітэтаў, а прадстаўнікоў будуць выбіраць самі студэнты.
Сярод членаў ЗБС прадстаўнікі студэнцтва найбуйнейшых ВНУ краіны: Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Белдзяржмедуніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Баранавіцкага, Гродзенскага, Полацкага дзяржаўных універсітэтаў і інш.
Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская падтрымала ініцыятыву стварэння аб’яднання.
У сваім тэлеграм-канале яна нагадала, што ў жніўні 2020 года была створаная Студэнцкая ініцыятыўная група, якая аб’яднала актыў 15 беларускіх ВНУ. Паводле слоў Ціханоўскай, „рэжым спалохаўся студэнтаў, якія адважна адстойваюць свае галасы”. Самым вядомым актам рэпрэсій у дачыненні да студэнцтва яна назвала падзеі 12 лістапада, калі 10 студэнцкіх актывістаў, у тым ліку прадстаўнік Ціханоўскай па справах моладзі, член Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне і ЗБС Алана Гебрэмарыям, былі затрыманыя супрацоўнікамі Камітэта дзяржбяспекі, а дзясяткі студэнтаў вымушаныя былі з’ехаць з краіны.
„З таго дня стала відавочна: толькі еднасць і салідарнасць дапамогуць абараніць наша агульнае права на свабоду. І цяпер усе яны аб’ядналіся ў адзіную асацыяцыю, — падкрэсліла Ціханоўская. — Я падтрымліваю Задзіночанне беларускіх студэнтаў (ЗБС) і заклікаю беларускае студэнцтва аб’ядноўваць сілы, уступаючы ў кааліцыю незалежных студэнцкіх аб’яднанняў дзеля дасягнення нашай агульнай мэты — дэмакратычнай Беларусі”.
Фота: naviny.by