Апазіцыя збірала подпісы за паляпшэнне якасці медыцыны
У Бабруйскі гарадскі выканкам мясцовыя актывісты перадалі подпісы за паляпшэнне якасці медычнага абслугоўвання ў краіне і горадзе. Таксама подпісы накіраваныя ў Міністэрства аховы здароўя, Савет міністраў, Палату прадстаўнікоў і Міністэрства фінансаў. Пра гэта паведаміла каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя ў Магілёўскай вобласці Таісія Кабанчук:
– Некаторыя праблемы, якія існуюць у нашай медыцыне: гэта нярэдкія чэргі на прыём да ўрача; тыднёвае, або месячнае чаканне прыёма па папярэднім запісу да спецыялістаў; павялічваецца практыка аказання платных паслуг у дзяржаўных медычных установах. А затым нашыя прапановы, якія выпрацавала Беларуская хрысціянская дэмакратыя. У нас існуе канцэпцыя развіцця аховы здароўя, у адпаведнасці з гэтай канцэпцыяй некалькі прапановаў: забараніць аказанне платных паслуг у дзяржаўных установах аховы здароўя, што супярэчыць 45-му артыкулу Канстытуцыі.
“Гэтая праблема асабліва абурала грамадзян, якія пагаджаліся ставіць свае подпісы”, – адзначае Таісія Кабанчук. Сярод прапановаў – таксама правесці рэвізію медычнага абсталявання, забяспечыць апаратамі МРТ лякарні, вызваліць медыкаў ад празмернай справаздачнасці, праводзіць абследванні жанчынаў старэйшых за 50 гадоў у мамолага ды іншыя. Подпісы за паляпшэнне якасці медыцыны збіралі прадстаўнікі БХД, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і партыі “Справядлівы свет”.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя