Прадстаўнікі хрысціян, мусульман і іўдзеяў Беларусі абмеркавалі магчымасць падтрымкі мігрантаў
Прадстаўнікі хрысціянскіх, мусульманскіх і іўдзейскіх абшчын Беларусі 12 лістапада абмеркавалі з упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандрам Румакам міграцыйны крызіс і становішча бежанцаў на беларуска-польскай мяжы, паведамляе партал Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы.
Праваслаўную царкву на сустрэчы прадстаўляў мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веніямін, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, каталіцкі касцёл — мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, мусульманскую супольнасць — муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання Абу-Бекір Шабановіч, іўдзейскую — галоўны равін Рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іўдаізму Рыгор Абрамовіч.
Бакі „разгледзелі магчымасць падтрымкі людзей, якія апынуліся ў гэтай сітуацыі”. Удзельнікі сустрэчы, „спасылаючыся на святыя тэксты, заклікалі праявіць міласэрнасць і спагаду да людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе”.
Мітрапаліт Веніямін звярнуў увагу на „бядотнае становішча людзей, якія апынуліся на мяжы паміж Беларуссю і Польшчай”, і адзначыў, што гэта пытанне „патрабуе вырашэння”. „Няхай яны нават прыйшлі з далёкай краіны, але ўсе мы з’яўляемся дзецьмі Айца Нябеснага, які, калі казаць чалавечай мовай, смуткуе аб тым, што мы, людзі, не знаходзім пакуль правільнага рашэння. Мы молімся за тых, хто апынуўся ў бядотным становішчы, і гатовыя аказаць ім гуманітарную дапамогу па лініі прыходаў Беларускай праваслаўнай царквы”, — заявіў патрыяршы экзарх.
Паведамляецца, што па выніках сустрэчы быў падрыхтаваны „афіцыйны зварот да палітыкаў еўрапейскіх дзяржаў і вернікаў у сувязі з міграцыйным крызісам на беларуска-польскай мяжы”, тэкст якога не прыводзіцца.