Прадстаўнікі праваабарончага цэнтра “Вясна” прыехалі ў Осла на ўручэнне Нобелеўскай прэміі міру
Па традыцыі, на ўрачыстую цырымонію ўручэння Нобелеўскай прэміі яе лаўрэат можа запрасіць каля дваццаці гасцей. Што і зрабіў Алесь Бяляцкі, і зрабіў ён гэта з-за кратаў.
Сярод запрошаных „вясноўцаў” — Наста Васільчук, Сяржук Сыс і Алена Маслюкова. А напярэдадні ад’езду яны падзяліліся сваім настроем і думкамі:
Алена Маслюкова: Настрой у мяне баявы. Але запрашэнне да ўдзелу на цырымонію ўручэння для мяне, канешне, было вельмі нечаканым. Па шчырасці, ніколі ў жыцці нават і не думала, што я змагу патрапіць на падобнага роду мерапрыемства. І калі мне сказалі, што Алесь уключыў мяне ў спіс, то для мяне гэта было нечакана, але вельмі-вельмі прыемна. Я не ведаю, чаму Алесь выбраў менавіта маю кандыдатуру, але я яму ўдзячна за тое, што ён ацаніў пэўна тое, што я раблю і палічыў, што мне неабходна прысутнічаць. Таму я, канешне, з вялікай цікавасцю адпраўлюся туды.
Перачытала ўсё, што тычыцца ўручэння Нобелеўскай прэміі, узнавіла свае веды па гісторыі Нарвегіі, яшчэ раз перачытала ўсю дынастыю нарвежскіх каралёў, нават так. І, канешне, вельмі рада, што мае калегі будуць побач са мной. Я думаю, што мы зробім усё дзеля таго, каб данесці ўдзельнікам гэтага мерапрыемства пра тое, што адбываецца ў Беларусі, прычым мы павінны гаварыць адкрыта, што не толькі самі беларусы вінаватыя ў тым, што зараз адбываецца ў Беларусі. Таму што вельмі важны яшчэ і ўплыў знешняга фактару.
Сяржук Сыс: Найперш, калі я пачуў, што мяне сам Алесь нейкім чынам запрасіў, то я быў вельмі моцна ўражаны і лічу гэта вялікай узнагародай у маім жыцці. Там ні дыпломы, ні граматы, якія атрымліваў, а менавіта, што ён мяне абраў сярод тых, хто там мог быць. І ўвесь гэты час праходзіць у мяне ў такім хваляванні. Тое, што я магу там быць, а ён не будзе, па-першае. Думаю, што я мог бы гэта зафіксаваць як творчы чалавек, гэтую ўрачыстасць, гэтыя словы, якія там будуць гучаць, гэтую ўсю абстаноўку, каб перадаць потым на волі Алесю, што я запомніў, што я захаваў з гэтага ўручэння.
Наста Васільчук: Я прыйшла ў “Вясну” вясной 2016 года. Я раней валанцёрыла там, назірала за мірнымі сходамі, і вось у “Вясне” вызвалілася вакансія – і я прыйшла на сумоўе, у тым ліку сумоўе праводзіў Алесь
РР: То-бок, азіраючыся назад, атрымліваецца, што вас на працу ўзяў Нобелеўскі лаўрэат.
Наста Васільчук: Так, менавіта. Калі ўзгадваць гэтыя часы, мне трэба было рабіць кантэнт на беларускай мове: пісаць тэксты, зачытваць іх і не толькі. Да прыходу ў “Вясну” я добра здавала іспыты па беларускай мове, але ў звычайным жыцці я не карысталася беларускай мовай. То-бок я ўсё разумела, але не размаўляла. І калі я прыйшла, я задалася мэтай, што я абавязкова буду размаўляць, што ў “Вясне” вельмі пажадана, каб супрацоўнікі размаўлялі па-беларуску. І быў вельмі цікавы момант, калі Алесь прыняў мяне на працу, ён сказаў: Ну, што, як поспехі? Магчыма, першы ці другі дзень. І ён кажа, добра, у цябе ёсць два тыдні, праз два тыдні пераходзь на размоўную беларускую мову.
І гэта было з аднаго боку сказана і жартаўліва, і цалкам сур’ёзна. Гэта такая прыкмета Алеся, бо ён заўсёды быў беларускі, змагаўся за беларушчыну, як толькі гэта было магчыма. Гэта вельмі натхняла і ўражвала. І ўсё ж такі я змагла перайсці на размоўную беларускую мову.
Я, канешне, не магу стоадсоткава ведаць, чым кіраваўся Алесь, прымаючы рашэнне запрасіць мяне ці іншых маіх калег, але мне падаецца, што гэта звязана з той працай, якую асабіста я і мае калегі рабілі ў апошнія некалькі год у цяжкія часы, пачынаючы з 2020 года. Канешне, шмат чаго мы рабілі і да, але, зразумела, што ў 2020 годзе Беларусь выйшла на новы этап.
І мне вельмі прыемна, канешне, атрымаць такое запрашэнне ад Алеся і я вельмі ўдзячна яму. І калі ацэньваць свой настрой перад паездкай у Осла, то ён крыху такі супярэчлівы, бо з аднаго боку я, мае калегі едзем на свята, на важную ўрачыстую цырымонію, і, зразумела, чакаецца, што настрой у нас мусіць быць святочны, усё ж такі мы рыхтуемся, і ён крыху прысутнічае. Але часам пачынаеш думаць, што вось у дадзены момант, калі будуць уручаць саму прэмію, Алесь не зможа там быць, ён знаходзіцца за кратамі, а мы – вось там, і становіцца вельмі сумна. Ты згадваеш тэрміны, якія могуць яму пагражаць, і робіцца неяк не да свята.
Цалкам перадачу “Мы бачым” слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя