Прадстаўнікі розных канфесій разам маліліся за адзінства хрысціян



Прадстаўнікі розных канфесій  ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў цэнтры Менска напярэдадні вечарам правялі сумеснае экуменічнае набажэнства за адзінства ўсіх хрысціян.

Пра гэта паведамляе афіцыйны партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі catholic.by.

У супольнай малітве прынялі ўдзел прадстаўнікі Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі, Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ), Беларускай грэка-каталіцкай царквы, Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў ды Гарадзенскай евангельска-лютэранскай абшчыны.

Экуменічная акцыя прайшла ў рамках традыцыйнага тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, які праходзіць ва ўсім свеце з 18 па 25 студзеня. У якасці атрыбутаў, якія аб’ядноўваюць экуменічныя набажэнствы ва ўсім свеце, сёлета было прапанавана выкарыстоўваць Біблію — сімвал суцяшэння і вызвалення, а таксама жалезныя ланцугі як сімвал раз’яднання людзей адзін з адным і з Богам.

Падчас малітвы вернікі адкінулі жалезныя ланцугі і, узяўшыся за рукі, утварылі ланцуг чалавечы як сімвал адзінства і еднасці.

Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас набажэнства заявіў, што падзелы хрысціян з’яўляюцца «крывавымі ранамі на целе Хрыста».