Прадстаўніца «Сумленных людзей»: у кандыдатаў ёсць план
У выбарчай кампаніі 2020 года задзейнічана вялікая колькасць маладых людзей, для якіх гэта першая палітычная кампанія. Напрыклад, гарадзенка Дыяна ўдзельнічае ў пляцоўцы «Сумленныя людзі», і гэта для яе першая кампанія.
Дыяна кажа, для чаго яна сёлета збіраецца ўдзельнічаць у выбарах:
– Па-першае, дзеля таго, каб паказаць, што я не безуважны чалавек, каб паказаць, што для мяне гэтая тэма таксама вельмі важная. Па-другое, я хачу змагацца за свой голас. Па-трэцяе, я таксама хачу штосьці змяніць, таму што цяперашні кіраўнік нашай дзяржавы мне не падабаецца. І гэта ўвогуле мае першыя выбары, таму я хачу штосьці змяніць.
Па словах дзяўчыны, яна думае, што ў альтэрнатыўных кандыдатаў ёсць план Б на 9-10 жніўня:
– Я спадзяюся на тое, што мы можам паўплываць на гэтыя выбары, таму што ў альтэрнатыўных кандыдатаў ёсць план Б. Дзеля гэтага нават створаны платформа «Голас», «Зубр». Я спадзяюся, што мы можам штосьці змяніць.
За выбарамі сёлета назіраюць прадстаўнікі кампаніі «Сумленныя людзі», «Праваабаронцы за свабодныя Выбары», «Права выбару», а таксама шмат людзей, што вылучалася ў назіральнікі зборам подпісаў. Аднак большасць гэтых людзей назіраюць за дзвярыма ўчастка, бо ёсць пастанова ЦВК, дзе назіраць могуць на ўчастку толькі назіральнікі, якія зарэгістраваліся першымі, а гэта прадстаўнікі „Белай Русі”, Саюза жанчын ды іншых праўладных арганізацыяў.
Беларускае Радыё Рацыя