Праект аб зменах у законы пра супрацьдзеянне экстрэмізму ў Палату прадстаўнікоў не паступаў



Законапраект аб унясенні зменаў у законы па пытаннях супрацьдзеяння экстрэмізму ў Палату прадстаўнікоў не паступаў, заявілі БелаПАН у прэс-службе ніжняй палаты парламента.

У прэс-службе адзначылі, што бачылі дакумент, які апублікаваны ў інтэрнэце, але афіцыйна ў ПП НС ён не накіроўваўся. „У нас такога няма. Пра паступленне можна казаць, калі дакумент з афіцыйным лістом прыходзіць, ва ўваходных рэгіструецца, — паведамілі ў прэс-службе. — Тое, што там праекты могуць гуляць, — гэта прыватная ініцыятыва чыясьці можа быць. Але ў нас афіцыйна яго няма”.

Раней тэлеграм-канал „МатолькаДапамажы” апублікаваў праект зменаў у законы па пытаннях супрацьдзеяння экстрэмізму і паведаміў, што „законапраект ужо ўнесены ў Палату прадстаўнікоў для разгляду ў найбліжэйшы час і ўтрымлівае ў сабе масу пунктаў, якія прадугледжваюць самыя шырокія трактоўкі”.

Як вынікае з апублікаванага дакумента, пад экстрэмізмам разумеецца дзейнасць, накіраваная на:

— гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі;

— захоп або ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;

— стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім;

— спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці, праходжанне навучання або падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці;

— абразу або дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады і кіравання;

— стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання;

— ажыццяўленне тэрарыстычнай дзейнасці;

— распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці, у тым ліку здзяйсненне з названымі мэтамі супрацьпраўных дзеянняў супраць грамадскага парадку і грамадскай маралі, маёмасці, здароўя, асабістай свабоды, гонару і годнасці асобы, укладу сямейных адносін;

— арганізацыю і ажыццяўленне масавых беспарадкаў, хуліганскіх дзеянняў, актаў вандалізму, звязаных з пашкоджаннем або знішчэннем маёмасці, захопу будынкаў і збудаванняў, іншых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;

— прапаганду выключнасці, перавагі альбо непаўнавартаснасці грамадзян па прыкмеце іх сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці моўнай прыналежнасці;

— распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, у тым ліку экстрэмісцкай сімволікі, а роўна выраб, выданне, захоўванне або перавозку такіх матэрыялаў з мэтай распаўсюджвання;

— рэабілітацыю нацызму, прапаганды або публічнага дэманстравання, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі, а таксама захоўванне або набыццё такой сімволікі або атрыбутыкі з мэтай распаўсюджвання;

— перашкоду законнай дзейнасці дзяржаўных органаў, у тым ліку Цэнтрвыбаркама, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуме або камісій па правядзенні галасавання аб адклiканнi дэпутата, а таксама законнай дзейнасці службовых асоб названых органаў або камісій, здзейсненае з ужываннем гвалту, пагрозы яго прымянення, падману, подкупу, а роўна прымяненне гвалту альбо пагрозы гвалтам у адносінах да блізкіх названых службовых асоб з мэтай перашкодзіць іх законнай дзейнасці;

— дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь;

— фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку шляхам давання грашовых сродкаў, нерухомай маёмасці, сродкаў электрасувязі, вучэбных, паліграфічных, іншых матэрыяльна-тэхнічных сродкаў або інфармацыйных паслуг;

— парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў;

— публічныя заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы.

У дакуменце даецца азначэнне „экстрэмісцкай сімволікі і атрыбутыкі”. Пад такімі разумеюцца „сцягі, гімны і іншыя музычныя творы, атрыбуты ўніформы, свастыкі, эмблемы, сімвалы, графіці, лагатыпы, вымпелы, значкі і іншыя адметныя знакі або іх копіі, іншыя падобныя аб’екты, у тым ліку аб’екты, якія з’яўляюцца або могуць быць аб’ектамі аўтарскага права, сумежных правоў, прамысловай уласнасці, а таксама аб’екты, падобныя да іх да ступені змяшэння, якія выкарыстоўваюцца пры ажыццяўленні экстрэмісцкай дзейнасці або для яе прапаганды, у тым ліку шляхам публічнай дэманстрацыі, і пры закліках да [экстрэмісцкай] дзейнасці”.

Апублікаваны дакумент таксама прадугледжвае „вядзенне пераліку экстрэмісцкіх арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў, заснавальнікаў сродкаў масавай інфармацыі і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмізму, Камітэтам дзяржаўнай бяспекі”. Падставай для ўнясення ў пералік з’яўляецца рашэнне суда альбо „iншыя падставы, прадугледжаныя заканадаўствам”.

„Грамадзянам Рэспублікі Беларусь, асобам без грамадзянства, замежным грамадзянам, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, уключаным у пералік фізічных асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмізму на працягу пяці гадоў з дня адбыцця пакарання, прызначанага прысудам суда, забараняецца: займацца медыцынскай, педагагічнай, выдавецкай дзейнасцю; займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў, зброі і боепрыпасаў, выбуховых рэчываў; здзяйсняць фінансавыя аперацыі на суму звыш 2.000 базавых велічынь без праходжання асаблівага кантролю. Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь, уключаным у пералік фізічных асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмізму на працягу пяці гадоў з дня адбыцця пакарання, прызначанага прысудам суда, забараняецца займаць дзяржаўныя пасады”, — гаворыцца ў дакуменце.

Адзначаецца таксама, што ўключэнне ў пералік фізічных асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмізму, з’яўляецца падставай для забароны ўезду замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыю Беларусі, а таксама для пазбаўлення іх набытага грамадзянства Рэспублікі Беларусь і дэпартацыі за межы краіны ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

БелаПАН