Праект ператварэння воданапорнай вежы не задавальняе гарадзенцаў



У Гародні грамадства не пагадзілася з праектам ператварэння старой воданапорнай вежы, якая знаходзіцца на тэрыторыі лесапарка «Румлёва», – помніка прыроды мясцовага значэння. Уласнік на сходзе жыхароў прылеглых дамоў, грамадскіх арганізацыяў, зацікаўленых адмыслоўцаў не здолеў пераканаць ва ўласнай рацыі. Паводле праекта набыты аб’ект павінен стаць адміністрацыйным будынкам.

Развязанне праблемы ведае старшыня абласной арганізацыі «Экаманіторынг» Яўген Філімонаў:

– Абʼект неабходна кансерваваць, неабходна зрабіць дах. Таксама могуць быць на дах усталяваныя якія-небудзь сонечныя элементы, якія могуць зрабіць невялікую падсветку гэтага аб’екта. Але катэгарычна супраць пракладкі камунікацый, якія былі ўказаныя ў праекце, ні электрычных ліній, ні вады, ні каналізацыйнай ямы, якая па праекце павінна размяшчацца пад самай вежай, гэтага, канешне ж, быць не павінна.

Уласнік на працягу года ўсяк спрабуе прымяніць воданапорную вежу пад нейкі абʼект, які павінен прынесці прыбытак. Ужо былі прапановы ператварыць вежу ў сховішча прычындалаў да «Джунглі-парка», пад аглядную пляцоўку, пад пляцоўку для індывідуальнай медытацыі і пад кавярню. Адзінае, што забываюцца, што лесапарк «Румлёва» мае ахоўны статус ад пажадлівых інтарэсаў прадпрымальнікаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя