Праект закона аб донарстве крыві і яе кампанентаў распрацоўваецца ў Беларусі
Праект закона аб донарстве крыві і яе кампанентаў распрацоўваецца ў Беларусі, паведаміла сёння журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Людміла Макарына-Кібак у прэс-цэнтры БЕЛТА.
„Дзеючы закон „Аб донарстве крыві і яе кампанентаў” быў прыняты 30 лістапада 2010 года. За мінулыя гады змянілася сітуацыя ў галіне донарства, узніклі пытанні, звязаныя з практыкай прымянення заканадаўчых актаў і іх няўзгодненасцю, з’явіліся прабелы ў прававым рэгуляванні. У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць удасканалення заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносін у гэтай сферы. Цяпер члены міжведамаснай рабочай групы распрацоўваюць праект закона „Аб змяненні законаў па пытаннях донарства крыві і яе кампанентаў”. Плануецца, што да лета наступнага года гэты законапраект будзе прыняты ў другім чытанні”, – сказала Людміла Макарына-Кібак.
Новы законапраект „Аб донарстве крыві і яе кампанентаў”, які ў Беларусі плануецца прыняць у 2019 годзе, прадугледжвае скасаванне працэдуры здачы крыві за грошы.
„У новым законапраекце аб донарстве магчымасць здачы крыві і яе кампанентаў за плату захаваецца выключна для донараў кампанентаў крыві і фармацэўтычных субстанцый пры мінімальна неабходных мерах падтрымкі гэтай катэгорыі донараў з боку дзяржавы”, сказала Людміла Макарына-Кібак.
Такім чынам, донары, якія здаюць кампаненты крыві за плату, атрымаюць бясплатнае харчаванне да і пасля данацыі, вызваленне ад працы ў дзень здачы і выплаты за здадзеныя кампаненты крыві і фармацэўтычныя субстанцыі. Аднак донар, які атрымлівае грошы, не зможа стаць ганаровым донарам.
Праектам закона прадугледжваецца комплекснае рэгуляванне пытанняў прымянення ў адносінах да донараў дапаможных медыцынскіх тэхналогій. „Раней палажэнні, звязаныя з гарантыямі і кампенсацыямі пры прымяненні ў адносінах да донараў такіх тэхналогій, на ўзроўні заканадаўчых актаў адсутнічалі”, – дадала Людміла Макарына-Кібак.
Таксама дакументам дэталізаваны пералік мерапрыемстваў па прапагандзе, арганізацыі і развіцці донарства, урэгуляваны статус грамадскага каардынацыйнага савета ў галіне донарства і ўводзіцца інстытут валанцёрства. „Гэта дасць магчымасць больш актыўна прыцягваць грамадзян да ўдзелу ў рэгулярным добраахвотным бязвыплатным донарстве”, – падкрэсліла дэпутат.
Акрамя таго, прадугледжваецца ўвесці забарону на рэалізацыю кампанентаў крыві, загатаваных у Беларусі, у іншыя дзяржавы, а донарскую кроў цалкам выключыць з аб’ектаў грамадзянска-прававых здзелак, за выключэннем здзелак, якія маюць бязвыплатны характар. „Аналагічная забарона заканадаўча замацавана ў Расеі”, – адзначыла Людміла Макарына-Кібак.
Таксама законапраектам значна пашыраны сацыяльны пакет бязвыплатнага донарства і замацаваны прынцып 100-працэнтнага бязвыплатнага донарства крыві. „Магчымасць здачы за плату прадугледжваецца захаваць выключна для донараў кампанентаў крыві і фармацэўтычных субстанцый”, – растлумачыла дэпутат. Донарам, якія здаюць кампаненты крыві на аплатнай аснове, прапануецца гарантаваць магчымасць атрымання бясплатнага харчавання перад і пасля данацыі, вызваленне ад работы ў дзень выканання донарскай функцыі, выплаты за здадзеныя кампаненты крыві. Адначасова прадугледжваюцца дадатковыя гарантыі донарам, якія здалі кроў або яе кампаненты на бязвыплатнай аснове. Таксама прапануецца значна пашырыць сацыяльны пакет грамадзян, адзначаных нагрудным знакам узнагароды Міністэрства аховы здароўя „Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”.