Праект закону аб амністыі да 70-годдзя Перамогі
Да 16 красавіка праект Закону аб амністыі да 70-годдзя Перамогі павінен трапіць пад разгляд ў Палату Прадстаўнікоў.
Пра сам праект пакуль вядома, што ён закране асуджаных, якія ўчынілі злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў. “Спадзяванняў, што закон аб амністыі закране і палітычных вязняў – ня шмат”, – кажа старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, вызвалены ў выніку мінулагодняй амністыі:
– У траўні сама амністыя мусіць стартаваць. Чакаем з дня на дзень. Будзе прыкладна такая, як папярэдняя амністыя, па якой я выйшаў. Адносна палітычных зняволеных – будзем бачыць… бо амаль усе палітычныя зняволеныя з’яўляюцца “злоснымі парушальнікамі рэжыму”, як я, напрыклад. Іх могуць уключыць у спіс амніставаных, а могуць і не ўключаць, гэта ўсё будзе залежыць ад палітычнай волі беларускіх уладаў.
Паводле заканадаўства, пад амністыю трапляюць асобы, якія па сваім сацыяльным статусе або стане здароўя заслугоўваюць даравання.
Гэта няпоўнагадовыя асобы, цяжарныя жанчыны, а таксама жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18-ці гадоў, асобы, якія ўчынілі злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя