Праект зменаў у КК не прадугледжвае паблажак для спажыўцоў наркотыкаў



Праект закона „Аб змяненні некаторых кодэксаў Рэспублікі Беларусь” не прадугледжвае змякчэння пакарання для спажыўцоў наркотыкаў. Законапраект апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дакумент, які Палата прадстаўнікоў плануе разгледзець у чэрвені, уносіць змены ў пяць „антынаркатычных” артыкулаў КК: 327 (крадзеж наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), 328.1 (незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў), 329 (пасеў або вырошчванне забароненых да апрацоўкі раслін ці грыбоў, якія змяшчаюць наркатычныя сродкі або псіхатропныя рэчывы) і 331 (схіленне да спажывання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў).

Па згаданых артыкулах магчымасць канфіскацыі маёмасці ў большасці выпадкаў замяняецца штрафам, пры гэтым для некаторых складаў злачынстваў зніжаюцца мінімальныя тэрміны пакарання.

Пры гэтым змены ў артыкул 328.2 (спажыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў у грамадскім месцы або з`яўленне ў грамадскім месцы ці знаходжанне на працы ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых дурманных рэчываў) законапраектам не ўносяцца. Пакаранне па ёй застаецца ранейшым — штраф, арышт або абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў.

Адзначым, што раней улады заяўлялі пра магчымыя паслабленні менавіта для наркаспажыўцоў, а не распаўсюджвальнікаў. Па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 8 мая старшыня Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам паведаміў журналістам: „Кіраўнік дзяржавы адназначна сказаў, што паслабленні ў дачыненні да збытчыкаў і распаўсюджвальнікаў наркотыкаў быць ніякага не можа. У дачыненні да спажыўцоў магчымыя нейкія паслабленні і ласкі”.

belapan.by