Прафесара Алеся Смалянчука затрымалі з прымяненнем гвалту



20 верасня падчас мірнай акцыі ў Гародні быў затрыманы прафесар гісторыі Алесь Смалянчук.

Па словах гісторыка яго затрымлівалі людзі ў масках. Адзін з іх вёў прафесара да аўтазака:

– Накіраваў, ішоў побач, потым, калі падышоў бліжэй да аўтазака, мяне ўжо схапілі пад рукі, пачалі рукі круціць, што трохі мяне здзівіла. Я звярнуў увагу на тое, што не збіраюся нікуды бегчы. Потым нейкі час стаяў каля гэтага аўтазака таму, што немагчыма было зайсці. На прыступках ляжаў чалавек, мужчына гадоў 40, вельмі такога вялікага целаскладу, які быў без прытомнасці. Яго спрабавалі зацягнуць туды, не атрымлівалася. 

Алесь Смалянчук канстатуе, што большыя здзекі над затрыманымі адбываліся, калі іх прывозілі ва ўнутраны двор Ізалятара часовага ўтрымання у Гародні, што на вуліцы Гая:

– Пачалі здагадвацца ў нейкі момант, што на Гая вязуць, бо цяжка было зразумець куды вязуць урэшце рэшт. Усіх вывелі і тварам да сценкі паставілі, паўтары гадзіны я стаяў тварам да сценкі. Прычым мяне забралі потым на допыт, на складанне пратаколу адным з першых, хіба быў трэці здаецца. Можна лічыць, што тыя, хто застаўся апошнім, там будуць гадзіны 3-4 стаяць тварам да сценкі. Гэта канешне здзек над людзьмі ды яшчэ які здзек.

Агулам у акцыі ў нядзелю 20 верасня прыняло ўдзел некалькі тысяч чалавек і па афіцыйным дадзеным было затрымана больш за паўсотні жыхароў Гародні.

Беларускае Рады Рацыя, Гародня