Прафесару Аляксандру Мурашову не працягнулі кантракт



Ён адзін з першых навукоўцаў Беларусі, які летась напісаў адкрыты зварот да грамадзяніна Аляксандра Лукашэнкі. І вось цяпер Рада гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы не падтрымала Аляксандра Мурашова як прафесара кафедры журналістыкі на наступны тэрмін. Галасаванне было таемным. Працу ён павінен пакінуць з 25 сакавіка.

Кажа наш карэспандэнт  Якуб Сушынскі:

– Яшчэ за месяц да конкурсу на пасаду прафесару Аляксандру Мурашову прадстаўнікі адміністрацыі ўніверсітэта параілі не падаваць заяўку, каб не ставіць  у няёмкае становішча раду прафесараў.  Але ён яе падаў. Кафедра журналістыкі папярэдне яго падтрымала галасамі 14 з 15, прызнаючы ягоны выключны ўклад у развіццё ўніверсітэта і адмысловых спецыяльнасцяў на факультэце.

 Цяпер паўстае пытанне: ці вернецца ён у Маскву, ці застанецца ў Беларусі, маючы від на жыхарства?

Аляксандр Мурашоў – этнічны расеец, доктар педагагічных навук, і кандыдат філалагічных навук. Ягоны лёс вырашаецца падобна, як гэта было восем гадоў таму з прафесарам Вячаславам Шведам. Тады загадчыка кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму, доктара гістарычных навук аналагічна выключылі галасаваннем Рады ўніверсітэта па ідэалагічных матывах.

 Беларускае Радыё Рацыя