Прафесійны звяз РЭП дапамог зваршчыку вярнуць амаль 2 тысячы даляраў
12 чэрвеня суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Галіна Чарнашэй спагнала з СТАА «Джэм-Флекс» на карысць 43-гадовага электразваршчыка Дзмітрыя Крэса 3722,8 рублёў нявыплачанага разліку пры звальненні і штрафных санкцый за яго затрымку, паведамляе гомельская «Вясна».
Інтарэсы працоўнага ў судзе прадстаўляў прававы інспектар працы ў Гомельскай вобласці Леанід Судаленка.
Нагадаем, 25 траўня ў рэгіянальнае аддзяленне прафзвязу супрацоўнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) у Гомелі па дапамогу звярнуўся і ўступіў у прафзвяз электразваршчык Зміцер Крэс. Паводле слоў працоўнага, пра дзейнасць у рэгіёне незалежнага прафзвязу ён даведаўся з сацыяльнай сеткі «Аднакласнікі».
Супольнае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Джэм-Флекс», дзе мужчына працаваў электразваршчыкам 4-га разраду, з пачатку года перастала выплачваць заробак. Паводле разліковых лістоў, ягоны заробак складаў блізу 680 рублёў, якія налічваліся, але не выплачваліся. 5 красавіка працоўны звольніўся з працы і чакаў, калі прыватнік разлічыцца.
Прававы інспектар працы прафзвязу Леанід Судаленка ў судзе паставіў пытанне пра спагнанне з прыватніка запазычанасці ў заробку 1594,16 рублёў, сярэдняга заробку за пратэрмінаванне разліку 1550 рублёў, а таксама кампенсацыі нявыкарыстаных дзён працоўнага адпачынку 434 рублі, а ўсяго на суму 3578,16 рублёў.
З улікам пратэрмінавання на дзень вынясення пастановы судом сума спагнання павялічылася да 3722,8 рублёў.
Пастанова суда пачне законнае дзеянне праз 10 дзён.