Прафсаюз РЭП: Патрабуем спыніць крымінальны пераслед і неадкладна вызваліць Ігара Комліка
Незалежны прафсаюз РЭП выступіў з шэрагам заяў да міжнародных арганізацый ды беларускага грамадства. Актывісты заклікаюць спыніць крымінальны пераслед лідараў арганізацыі ды вызваліць Ігара Комліка, які ад другога жніўня знаходзіцца ў турме.
Кажа старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч:
– Тое, што зараз улада робіць, гэта сёння пазбавіць людзей таго прафсаюза, які на працягу ўсёй сваёй гісторыі працаваў для людзей і абараняў гэтых людзей. Гэта парушэнне тых рэкамендацый, якія даваў МАП. Гэта ўмяшанне ва ўнутраныя справы прафсаюза. У ніводнай краіне Еўразвязу, з якім хочуць працаваць нашыя ўлады, такога не адбываецца. Скажу шчыра, што тое, як пайшло ў прэсе, нибыта хабар атрымали Фядыніч і Комлік – гэта хлусня чысцейшай вады.
Генадзь Фядыніч пакуль знаходзіцца на волі з падпіскай аб нявыяздзе. Шэраг сябраў арганізацыі праходзяць праз допыты, дома ў многіх з іх прайшлі ператрусы. Дзеячы назвалі гэтую акцыю ўладаў па ліквідацыі незалежных прафсаюзаў выключна палітычнай, звязанай найперш з актыўнай дзейнасцю ў абарону сацыяльна-эканамічных інтарэсаў грамадзян, у тым ліку з супрацьстаяннем дэкрэту „аб дармаедах”.
Заява
Савета Беларускага прафсаюза РЭП
2 жніўня супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта Дзяржаўнага кантролю былі праведзены масавыя ператрусы ў офісах Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП), у кватэрах старшыняў прафсаюзаў РЭП і БНП Генадзя Фядыніча і Мікалая Зіміна, старшыні Менскай гарадской арганізацыі, галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка, сакратара-казначэя БНП Сняжаны Грыневіч, былога кіраўніка сайта praca-by.info Наталлі Пічужкінай.
У выніку ператрусаў канфіскаваныя ўсе жорсткія дыскі кампутараў, арыштаваны офіс прафсаюза РЭП, асабістая маёмасць Г. Фядыніча і І. Комліка.
Супраць Г. Фядыніча і І. Комліка ўзбуджаная крымінальная справа «ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйных памерах».
Ігар Комлік з 2 жніўня па цяперашні час знаходзіцца ў турме. Савет прафсаюза лічыць гэтую акцыю ўладаў выключна палітычнай, звязанай перш за ўсё з актыўнай дзейнасцю прафсаюза і яго лідэра па абароне сацыяльна-эканамічных інтарэсаў грамадзян.
Гэтыя дзеянні ўладаў накіраваныя на ліквідацыю незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі і груба парушаюць Канвенцыю МАП №87 «Аб свабодзе аб’яднаньняў».
Мы патрабуем:
– неадкладна вызваліць Ігара Комліка;
– спыніць крымінальны пераслед лідараў Беларускага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча, Ігара Комліка і зняць з іх усе беспадстаўныя абвінавачванні;
– спыніць умяшальніцтва ва ўнутраныя справы прафсаюза.
Заклікаем беларускую грамадскасць, глабальныя прафсаюзныя аб’яднання, IndustriALL і міжнародную супольнасць скарыстаць усе наяўныя сродкі ў абарону незалежных прафсаюзаў Беларусі і недапусціць расправы над лідэрамі Незалежнага беларускага прафсаюза РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам.
Прынятая 7 жніўня 2017 года
г. Менск
Да грамадзян Беларусі!
Паважаныя суайчыннікі! 2 жніўня ўлады пачалі маштабную акцыю па ліквідацыі незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі.
Супраць лідэраў Беларускага прафсаюза РЭП, старшыні Генадзя Фядыніча і кіраўніка Менскай гарадской арганізацыі Ігара Комліка беспадстаўна распачатыя крымінальныя справы з-за нібыта нясплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры, накладзены арышт на офіс прафсаюза.
Людзі працы, студэнты, пенсіянеры і беспрацоўныя, прыйшоў час праявіць салідарнасць і стаць на абарону Беларускага прафсаюза РЭП, які ніколі не здраджваў ідэалам незалежнага прафсаюзнага руху і заўсёды стаяў і будзе стаяць на абароне правоў працоўных.
Мы заклікаем вас у знак салідарнасці з Беларускім прафсаюзам РЭП уступіць у яго шэрагі.
Абаронім Незалежны прафсаюз РЭП! Абаронім сябе і сваю будучыню!
Нашы каардынаты:
г. Менск
тэл. 292-46-51, 292-66-35
г. Берасце
тэл. 8-029 645-97-44
г. Віцебск
тэл. 8-029-598-19-95
г. Гомель
тэл. 8-029-699-28-65
г. Гародня
тэл. 8-029-597-77-00
г. Магілёў
тэл. 8-029-541-43-00
г. Бабруйск
тэл. 8-028-746-99-88
г. Орша
тэл. 8-029-712-5755
Наш сайт: www.praca-by.info
Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск.