Прафсаюз РЭП рыхтуе масавую акцыю ў Менску
Незалежны прафсаюз РЭП абвясціў пра падрыхтоўку акцыі да Сусветнага дня змагання за годную працу, які адзначаецца сёмага кастрычніка. Плануецца шэсце па дазволеным уладамі маршруце ад кінатэатра „Кастрычнік” да плошчы Бангалор.
Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч патлумачыў, чаму акцыю вырашылі рабіць менавіта ў Менску:
– Будзем праводзіць яе толькі ў Менску гэтым разам. Пытанне: які будзе даваць дазвол улада? Я лічу, што незалежна ад таго, дасць яна дазвол ці не, гэтая акцыя павінна адбыцца. Не – дык мы зменім маршрут і прыйдзем да гарвыканкама. Людзей павінны паважаць. Ёсць маса праблем, і ў Менску яны таксама ёсць. На жаль, няма годных маршрутаў ні ў Менску, ні ў Бабруйску, ні ў Гомелі, ні ў Воршы і Берасці. Усё гэта па-за горадам, на нейкіх забытых стадыёнах. Гэта азначае, што мы будзем выходзіць на ўлады, каб дазволілі людзям мірныя акцыі пратэсту рабіць не там, дзе выгульваюць сабак, а там дзе збіраюцца людзі. Беларусы – годныя людзі, яны павінны мець права на мірныя акцыі.
7 кастрычніка – дзень, які актыўна шануецца міжнароднай супольнасцю і адзначаецца па прапанове Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, пачынаючы з 2008 года, але амаль не падтрымліваецца ў Беларусі.
Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск