Прафсаюз РЭП супраць дэкрэта №29
Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці і іншых галін народнай гаспадаркі супраць узаконьвання дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў дэкрэта №29. Па гэтым дэкрэце ў краіне з’явіўся кабальны працоўны кантракт, які стварыў для рабочых рабскія ўмовы. Ёсць рэальная пагроза, што палажэнні часовага дакумента, якім з’яўляецца дэкрэт, набудуць пастаянны характар.
Дэпутаты будуць разглядаць пытанне юрыдычнага замацавання кантракта праз працоўны кодэкс 2 кастрычніка, кажа старшыня Берасцейскага абласнога прафсаюза РЭП Зінаіда Міхнюк:
– І наша заканадаўства аб працы будзе самае рабскае не толькі на постсавецкай прасторы, але ледзь не ва ўсім свеце, адно з найгоршых.
У Берасці прайшоў сход прафсаюзнага актыву РЭП, на якім абмеркаваліся захады па інфармаванні рабочых пра маючы адбыцца антыканстытуцыйны акт з боку дэпутатаў, гаворыць кіраўнік суполкі прафсаюза РЭП у Бярозе Таццяна Тарасевіч:
– Я буду інфармаваць пра гэта, бо людзі пра гэта не ведаюць.
Чалец прафсаюза з Баранавіч:
– Я спадзяюся, што кіраўніцтва прафсаюза з Менска будзе інфармаваць нас праз наш бюлетэнь «Рабочая салідарнасць». У Баранавічах мы бдзем раздаваць людзям, клеіць на прыпынках.
Паводле актывістаў, часу засталося зусім няшмат. З боку ўлады ўсё рабілася таемна. Таму пра іх намеры і планы даведаліся досыць позна. Але трэба зрабіць усё магчымае, каб інфармацыя стала вядома людзям па ўсёй краіне і дэпутаты задумаліся: рабіць ці не рабіць злачынны выбар.
Поўны гук слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя